Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зблакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Злучыць, зманціраваць (часткі якога‑н. збудавання).

збле́клы,

гл. збляклы.

збле́кнуць,

гл. зблякнуць.

зблі́жанасць, ‑і, ж.

Размяшчэнне ў непасрэднай блізкасці адно ад другога або ад чаго‑н. Збліжанасць вярхоўяў рэк.

зблі́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зблізіць.

збліжа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зблізіцца.

2. Зал. да збліжаць.

збліжа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зблізіць.

збліжэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. збліжаць — зблізіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. збліжацца — зблізіцца. Збліжэнне тэорыі з практыкай. Збліжэнне поглядаў.

зблі́зіцца, збліжуся, зблізішся, зблізіцца; зак.

1. Перамясціцца на больш блізкую адлегласць, наблізіцца адзін да аднаго. Машыны зблізіліся. Касмічны карабель зблізіўся з арбітальнай станцыяй.

2. Уступіць у блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны з кім‑н.; стаць блізкім адзін другому. Калі дзядзька стаў калгасным пастухом, .. Алесь яшчэ больш зблізіўся з ім. Сіняўскі. Хіма, якая доўга жыла нелюдзем, пакрысе зблізілася з суседзямі, зрэдку заходзіла і да Дашынай маці. Ракітны. // перан. Блізка пазнаёміцца з чым‑н., заняцца чым‑н. Там ён яшчэ больш зблізіўся з тэхнікай і пасля дэмабілізацыі, ужо сталым камсамольцам, адразу ж падаўся вучыцца ў Магілёўскую школу механікаў МТС. «Звязда».

3. Стаць падобнымі, выявіць падабенства. Словы зблізіліся па значэнню. □ Пасля вызвалення ад польска-шляхецкага прыгнёту шляхі ўкраінскага і беларускага народаў не разышліся, а яшчэ больш зблізіліся. «Полымя».

зблі́зіць, збліжу, зблізіш, зблізіць; зак., каго-што.

1. Перамясціць на больш блізкую адлегласць, наблізіць адно да другога. Зблізіць канцы дроту. Зблізіць электроды. // Устанавіць больш цесную сувязь, узаемадзеянне паміж чым‑н. Зблізіць навуку і вытворчасць.

2. Стварыць блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны паміж кім‑н. Тое, што Ірын бацька ведаў наш раён, што ён там праводзіў калектывізацыю і што ён расказваў мне пра гэта за чаем, неяк адразу зблізіла мяне з гэтым суровым на выгляд чалавекам. Сабаленка. [Каморнік] першы раз сказаў .. [Ганне] «ты», і гэта канчаткова зблізіла іх. Чорны.