прыста́нішча, ‑а, н.
Месца, дзе можна прыстаць, прытуліцца, прыпыніцца; часовае жыллё. Драпеза загадаў патушыць усе пячуркі ў зямлянках, каб іх дым не выдаваў ворагу партызанскага прыстанішча. Паслядовіч. Стогнуць Бусліныя сосны: даўганосыя птахі сёлета занялі ў Грынях .. нечае шматгадовае прыстанішча. Пташнікаў. Па дарозе на горад выцягнуўся абоз у пошуках новага прыстанішча. Лобан. // перан. Пра таго (тое), хто (што) служыць аховай, абаронай. Абстрактная мара часам была адзіным прыстанішчам ад кашмараў жыцця. Перкін.
прыста́нне, ‑я, н.
Разм. Прыстанішча, прыстанак. Ні прыстання, ні спакою няма чалавеку. Пестрак.
пры́станскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыстані (у 1 знач.). Прыстанскія склады. Прыстанская гаспадарка.
прыстанцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які размяшчаецца каля чыгуначнай станцыі. Гаманкі натоўп пасажыраў вынес мяне на прыстанцыйную плошчу. Савіцкі. У прыстанцыйны сквер як бы перамясцілася чакальная зала. Людзі сядзяць на клунках, чамаданах. Навуменка.
пры́стань, ‑і, ж.
1. Плывучае або стацыянарнае збудаванне для прычальвання і стаянкі, выгрузкі і пагрузкі суднаў, высадкі і пасадкі пасажыраў. Аўтобусам даехалі да прыстані і па гнуткіх усходцах пайшлі на прыгожы белы параход. Даніленка. Параход падышоў к прыстані .. і пачаў разгружацца. Гартны.
2. перан. Становішча, якое дае чалавеку адчуванне задаволенасці, спакою, уціхаміранасці. — Хлопец ты ўжо ў гадах. Як той дуб вырас. Пара і сваю прыстань знаходзіць. Ажаніцца табе трэба, вось што. Няхай. Мы не ведалі самоты, Вырасталі ў барацьбе. Не шукалі камсамольцы Ціхай прыстані сабе! А. Александровіч.
пры́старанак, ‑нка, м.
Абл. Застаронак. У вачах стаяла чырванабокая малатарня, якая глытала сноп за снапом, апустошвала гумно да самага дна і ўжо дабіралася да апошняга рада ў прыстаранку. Арочка.
прыстара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., чаго.
Раздабыць, прыгатаваць што‑н., звычайна з цяжкасцямі, намаганнямі. Суцяшалі гэтыя рабочыя, дапамогу аказвалі, то грашамі, то дроў прыстараюцца. Лынькоў. — Я хутка прыстараюся чаю, ці гарбаты. Як лепей называць па-беларуску: чай ці гарбата? Колас. Да сустрэчы Раіса рыхтавалася, як ніколі. Ёлку ўпрыгожыла, гарэлкі накупляла, добрай закускі прыстаралася. Гроднеў. Вяселле адгрымела ўраз, І жыць у цешчы Зяць застаўся, Бо ўласнага жылля Яшчэ не прыстараўся. Корбан.
прыстасава́льнасць, ‑і, ж.
Здольнасць прыстасоўвацца да якога‑н. асяроддзя, знешніх умоў. Прыстасавальнасць арганізма.
прыстасава́льнік, ‑а, м.
Тое, што і прыстасаванец.
прыстасава́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыстасавальніка, прыстасавальніцтва. Прыстасавальніцкая палітыка.