сме́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае смех, весялосць; пацешны, забаўны. Смешнае апавяданне. □ [Хлопец] быў, бадай, прыроджаны комін, бо ўмеў сур’ёзна гаварыць смешныя рэчы. Навуменка. [Таццяна] .. дзівілася, як гэта раней яна магла жыць без яго, без гэтага маленькага, смешнага, крыклівага стварэння. Шамякін. / у знач. наз. сме́шнае, ‑ага, н. Ды музыкі знаюць свае сцежкі — Смешнае іграюць без усмешкі. Лужанін. // Які выклікае насмешку, іронію сваёй недарэчнасцю. У гэты момант падаспеў пяты [чалавек], у вузкіх штанах і ў смешнай куртцы з двума хвастамі. Самуйлёнак. Смешны часам бывае чалавек з сваімі недарэчнымі перажываннямі. Зарэцкі.
2. Тое, што нельга ўспрымаць сур’ёзна. Розныя смешныя довады лезлі ў галаву. Бядуля. // Дзіўны. [Пракоп:] — Смешная ты, маці! Няўжо ты думаеш, што я такі дурны і палезу ў воду, не пабачыўшы броду? Колас.
•••
Да смешнага — у вышэйшай ступені, надзвычай. Вынаходства Андрэя было да смешнага простым, і таму аб ім неўзабаве ведаў увесь завод. Шахавец.
смі́рна 1, прысл.
Навыцяжку, не варушачыся і не размаўляючы (пра стойку пры камандзе). Стаяла некалькі вінтовак, састаўленых у козлы, чатыры паліцаі пры ўваходзе партызан зам[е]рлі па стойцы «смірна». Навуменка.
смі́рна 2, ‑ы, ж.
Пахучая смала.
[Грэч. smyrna.]
смог, ‑а, м.
Забруджанае дымам і пылам паветра, якое ў выглядзе туману доўгі час вісіць над горадам.
[Англ. smog ад smoke — дым і fog — туман.]
смок, ‑а, м.
Тое, што і цмок 1. [Сымон:] Скажыце ж мне хоць: нашто гэта зборышча склікаецца? [Незнаёмы:] Смока выганяць! Купала.
смо́ква, ‑ы, ж.
1. Плод смакоўніцы; інжыр, вінная ягада.
2. Тое, што і смакоўніца (у 1 знач.).
смо́кінг, ‑а, м.
Пінжак з чорнага сукна з адкрытай грудзінай і доўгімі, абшытымі шоўкам адваротамі.
[Англ. smoking-jacket.]
смолапераго́нны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаны для перагонкі смалы. Смолаперагонны куб.
смолацячэ́нне, ‑я, н.
Узмоцненае выдзяленне смалы са ствала ці сукоў хвойных дрэў пры іх пашкоджанні.
смо́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад смаліць 1.
2. у знач. прым. Апрацаваны смалой, насычаны ёй. Смоленая бочка. Смоленая лодка. Смолены канат.
смо́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
Тое, што і смаленне.
смо́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
1. Ласк. да смала (у 1 знач.). На вішнях смолка сочыцца з кары. Вялюгін.
2. Сумесь хваёвай або яловай смалы з пахучымі рэчывамі. Курыльная смолка. Пахучая смолка.
3. Спец. Сінтэтычнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца пры закаркоўванні бутэлек.
смо́лка 3, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
Лугавая травяністая расліна сямейства гваздзіковых з ружовымі кветкамі і клейкімі зверху сцёбламі. Невысокая трава паабапал стракацела жоўтымі люцікамі, ружовымі смолкамі, сінімі званочкамі. Ваданосаў.