Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыслу́га, ‑і, ДМ ‑слузе, ж.

1. Служанка, хатняя работніца. [Эрне] ўсё роўна: сталасць прыйшла без мінулага, а цяперашняе — без ніякай будучыні, і ёй што — так ужо і жыць прыслугай. Ракітны.

2. зб. Слугі. У генерала было некалькі чалавек прыслугі. Карпюк.

3. зб. Работнікі, якія абслугоўваюць чыгуначны састаў, параход, самалёт і пад. На самалёце не было прыслугі і не было нават радыёстанцыі: пасажырам гарантаваўся бяспечны пералёт. Шамякін.

4. зб. Каманда, якая абслугоўвае гармату, мінамёт. Чахол са ствала зняты. Прыслуга стаяла на сваіх месцах, іменна так, як належала па статуту. Нават Макоўчык быў гатовы: прыгнуўшы галаву, трымаў у .. руках працягнуты да зараджаючага снарад. Мележ.

прыслуга́ч, ‑а, м.

Разм. пагард. Той, хто прыслужваецца перад кім‑н. Фашысцкі прыслугач грэбліва паморшчыўся і, пакінуўшы Сашу ў спакоі, папярэдзіў: — Не ўздумайце марудзіць! Шамякін. Пры з’яўленні .. [паліцаяў] гул заціхаў, людзі скоса і непрыязна пазіралі на бязлітасных гітлераўскіх прыслугачоў. Няхай.

прыслуго́ўванне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыслугоўваць і прыслугоўвацца.

прыслуго́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. неадабр. Тое, што і прыслужвацца.

прыслуго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і прыслужваць. — [Гэлька] крыху прыслугоўвала ў пана Панятоўскага. Чарот. Казімір Ліпніцкі аднаго разу.. прыслугоўваў у касцёле. Сташэўскі.

прыслу́жванне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыслужваць — прыслужыць і прыслужвацца — прыслужыцца.

прыслу́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. неадабр. Рабіць паслугі, дагаджаць каму‑н., дамагаючыся прыхільнасці з карыслівай мэтай. Прыслужвацца перад начальствам. □ — Прывет, начальнік! (Так маўляў, і так...) Казалі мне, ёсць у цябе вакантная пасада — Прыслужвацца я не мастак, А ў працы ведаю і толк і смак! Валасевіч.

прыслу́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Выконваць абавязкі слугі, служанкі. Прыслужвае маўклівая, з маршчыністым тварам кабеціна. Навуменка. — Прыслужвала за сталом твая прабабка. Бегала ад печы да поку[ці], насіла смажаныя качкі, падавала ручнікі. Асіпенка.

2. Разм. Рабіць паслугі, дагаджаць каму‑н. Прыслужваць даме. □ Мальвіна прыслужвала Ціхану ўвесь вечар, клала кампрэсы, прыносіла есці, раскурвала яму папяросу. Дуброўскі.

прыслу́жнік, ‑а, м.

1. Той, хто прыслужвае; слуга, служыцель. — Як далажыць аб вас .. рэдактару? — звярнуўся да Лабановіча прыслужнік з рыжаватаю бародкаю, чалавек без усякай формы і нецікавы на выгляд. Колас. Усё гэта убранства пільнаваў касцельны прыслужнік без шапкі, з цёмнымі кругамі пад вачыма. Пестрак.

2. Разм. неадабр. Той, хто прыслужваецца перад кім‑н.; прыхільнік, памочнік у якой‑н. дрэннай справе. Царскія прыслужнікі. Фашысцкія прыслужнікі. □ Ёсць прыслужнікаў нямала, Што за долар прадаюцца І гатовы да паслуг. Броўка.

прыслу́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да прыслужнік.