Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прагле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гледзіць і праглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак.

1. што. Бегла прачытаць што‑н., азнаёміцца з чым‑н. Але наўперад гэтыя брашуркі і лісткі трэба было прагледзець, адабраць, бо шмат якія з іх ужо аджылі свой век і страцілі надзённую актуальнасць. Колас. Камандзір палка прагледзеў дакументы і з цікавасцю пачаў слухаць тлумачэнне. Машара. [Дзед:] — Цяпер пойдуць дні рэпетыцый. Трэба праглядзець увесь рэпертуар гэтага года. Караткевіч. // Агледзець што‑н. з мэтай праверкі. Інакш кажучы, стала ясна: трэба нанава прагледзець звяно за звяном і пачаць з гарачых цэхаў. Карпаў. [Настаўнік] праглядзеў сшыткі вучняў трэцяга класа. Кавалёў.

2. каго-што. Не заўважыць, празяваць, прапусціць. Ваню Чакая Уля прагледзела. Спадзявалася ўбачыць уперадзе, а ён вынырнуў ззаду. Паўлаў. [Верка:] — Гэта ж бачу, пайшоў [Кастусь] на канюшню, глядзела, глядзела і ледзь не праглядзела. Гаўрылкін. // перан. Удзяліць недастаткова ўвагі каму‑, чаму‑н.; не даглядзець. [Шыковіч:] — І я не сказаў бы, што сын мой Уладыслаў — гультай і [лежабок]. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелі. Шамякін.

3. што і без дап. Правесці некаторы час у разглядванні чаго‑н., у назіранні за чым‑н.

•••

Вочы прагледзець — углядаючыся, доўга чакаць каго‑н.

праглына́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. праглынаць — праглынуць.

праглына́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да праглынаць.

праглына́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да праглынуць.

праглыну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад праглынуць.

праглыну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Глытаючы, прапусціць праз глотку ў стрававод. Вера набірае ў рот вады і доўга сагравае яе, перш чым праглынуць. Асіпенка. З мядком і цвік праглынеш. Прыказка.

2. перан.; што. Разм. Выслухаць што‑н. непрыемнае, абразлівае без пратэсту. — Дзякуй трэба сказаць за падарунак, а не бурчаць, як старому дзеду, — паўшчувала бабуля ўнука. Слава моўчкі праглынуў гэты дакор. Шыловіч. Мікола Валюжынец моўчкі праглынуў абразу. Б. Стральцоў. // Не выказаць якога‑н. пачуцця, перажывання і пад. Налагея праглынула падрыхтаваныя для Таццяны калючыя словы і, нічога не сказаўшы, выйшла з хаты. Шамякін.

3. перан.; што. Разм. Сказаць што‑н. невыразна, не поўнасцю, не пагаварыць да канца.

4. перан.; каго-што. Зрабіць нябачным, схаваць. Праз хвіліну цемра і завіруха праглынула. [Максімаву] постаць. Шамякін. Багна, праглыні таго, хто будзе зноў кіравацца сюды ваяваць! Сачанка.

5. перан.; што. Разм. Вельмі хутка прачытаць. На самоце, застаўшыся адзін праводзіць вакацыі ў інтэрнаце, [Я. Колас] меўся праглынуць.. найменей паўсотні кніг. Лужанін.

•••

Жыўцом праглынуць — тое, што і жыўцом з’есці (гл. з’есці).

Праглынуць пілюлю — моўчкі перанесці абразу, крыўду.

Праглынуць язык — замаўчаць, перастаць гаварыць.

Як (быццам) аршын праглынуў — пра чалавека, які трымаецца ненатуральна прама.

праглы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да праглынуць.

прагля́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. праглядаць — прагледзець (у 1 знач.).

2. Памылка ў чым‑н.; недагляд.

прагляда́льны, ‑ая, ‑ае.

Які праглядаюць перад выпускам. Праглядальны спектакль. // Які служыць для прагляду. Праглядальная зала.

прагляда́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. праглядаць — прагледзець (у 1 знач.).