прыслані́цца, ‑сланюся, ‑слонішся, ‑слоніцца; зак.
Прыхіліцца, прытуліцца, абаперціся. [Дзед Талаш] выбраў зацішнае месца, прысланіўся да старой яліны пад навіссю спушчаных, прысыпаных снегам галін. Колас. — А цяпер захініся ў плашч, прысланіся да мяне і паспі. Сяргейчык. Людзі ўсе чыста Былі каля школы на сходзе. .. Ён падышоў. Да сцяны Прысланіўся ён збоку. Куляшоў.
прыслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., што.
1. Прыкрыць засланкай; засланіць няпоўнасцю. Прысланіць печ. □ Мы рукой прыслонім вочы Ды зірнём угору, Дзе грыміць ён, дзе якоча Самалёт маторам. Колас.
2. Прыставіць, прытуліць, прыхіліць. [Халявіч] прысланіў да лаўкі веласіпед і патрухаў за Бялоцкім. Дуброўскі. Стамілася .. [маці] з дарогі, але не прысланіла галавы да падушкі — чакала.., пакуль вярнуўся Петрык. Марціновіч.
прысла́ны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыслаць 1.
прысла́ны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыслаць 2.
прысланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да прысланіцца.
2. Зал. да прысланяць.
прысланя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да прысланіць.
прысла́ць 1, прышлю, прышлеш, прышле; прышлём, прышляце; зак., каго-што.
1. Даставіць што‑н. поштай або праз каго‑н. Поштай маці мне прыслала ў інтэрнат пасылку. Лойка. [Цыпрук:] — Прышлю табе праз унука старыя граблі. Бядуля. З другім пісьмом Надзя прыслала Салаўёву фотакартку. Шахавец.
2. Накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. Сяльчонак абяцаў прыслаць машыну, адвезці Льва Раманавіча ў горад на аэрадром. Асіпенка. Такое не здаралася, відаць, як свет светам: да мужыцкага сына прыслалі сваццю з панскага двара. Брыль.
прысла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; зак., што.
Трохі, няпоўнасцю заслаць, прыкрыць зверху. Сяк-так давалок [мяшок збожжа]. На палаткі ўсцягнуў. Сенам прыслаў. Сачанка.
прыслепава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Падслепаваты. На гэты момант пад стол трапіў і наш прыслепаваты стары кот. Сабаленка. Вокны ў .. [хатцы] таксама былі маленькія, прыслепаватыя, і шыба ў адным з іх заткнёна анучаю. Мурашка.
прысло́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прысланіць.
прысло́ўе 1, ‑я, н.
Нязменная часціна мовы, якая абазначае прымету дзеяння, стану і якасці, напрыклад: хутка, лёгка, высока.
прысло́ўе 2, ‑я, н.
Прыгаворка, выраз і пад., якія ўстаўляюцца ў мову для большай эфектнасці або па прывычцы. Плач яе быў ціхі, з прыслоўямі, кабечы. Чорны. «Люба-дорага» было любімае прыслоўе старшыні. Даніленка. // Тое, што гаворыцца для суправаджэння якіх‑н. дзеянняў. Духаў закліналі пэўнымі традыцыйнымі прыслоўямі. Лойка.
прысло́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае ў сваім складзе прыслоўе 1. Прыслоўныя злучэнні. Прыслоўны фразеалагізм.