прыско́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
1. Незак. да прыскочыць.
2. Незак. да прыскакаць.
прыско́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Зрабіць невялікі скачок; падскокнуць.
прыско́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыскорыць.
прыско́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыскорваць — прыскорыць і прыскорвацца — прыскорыцца.
прыско́рвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыскорыцца.
2. Зал. да прыскорваць.
прыско́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыскорыць.
прыско́рыцца, ‑рыцца; зак.
1. Стаць больш скорым, імклівым. Рух машыны прыскорыўся.
2. Настаць хутчэй, чым меркавалася. Ад’езд прыскорыўся нечакана.
прыско́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
1. што. Зрабіць больш скорым, імклівым. Вася выйшаў на дарогу, што бегла напрасцяк ад ракі цераз луг, і яшчэ больш прыскорыў хаду... Краўчанка. Калі яны заўважылі невысокую жанчыну ў сінім берэце і асеннім паліто, то прыскорылі крокі. Няхай.
2. што. Наблізіць наступленне чаго‑н.; паскорыць. Прыскорыць ад’езд. □ Вярнуўся з Даманава — давялося вырашаць розныя тэхнічныя справы, каб прыскорыць рамонт экскаватара. Краўчанка.
3. каго. Прымусіць рабіць скарэй; падагнаць. Прыскорыць расказчыка.
прыско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Скокнуўшы, наблізіцца да чаго‑н., скачкамі дасягнуць чаго‑н.; падскочыць. Прыскочыць з кулакамі. □ — Я і нажом магу парнуць! — схапіўшы са стала нож, прыскочыў Ціток. Лобан. // Хутка прыехаць, прыбегчы. А пасля .. прыскочыў Шпулькевіч, кінуўся ў сані і пагнаў як толькі мог каня. Чорны. Тут начальнік з раёна прыскочыў: — Чаго ж ты ляжыш, Абібоча? Крапіва.
2. Падскочыць у такт чаму‑н. То прыскочыць, то прыгнецца, То рукою павядзе, Плечы ўскіне, засмяецца. Колас.
прыскры́нак, ‑нка, м.
1. Скрыначка ў куфры на бакавой сценцы для захоўвання дробных рэчаў. З боку куфра паглядаў чыста выгабляваны прыскрынак, куды складаліся дзявочыя каралі і брошкі... Броўка. Бывала.. адчыняць куфар і пачнуць пераглядаць цікавыя рэчы: пярсцёнкі, што хаваліся ў прыскрынку, дарагія хусткі.., рознакаляровыя стужкі. Колас.
2. Абл. Бакавая скрынка ў стале. У сваім кабінеце застаў [Шэмет] Гаварушку. Той, не чакаючы прыходу Шэмета, рыўся ў шуфлядзе стала. Калі ўбачыў, засунуў прыскрынак і ўсхапіўся. Лобан.