прыгрэ́бнік, ‑а, м.
Прыбудоўка перад уваходам у пограб, склеп. Тут былі такія будынкі: хаты з чырвонымі комінамі, клуні, хлевушкі, свіронкі і прыгрэбнікі з нізенькімі, да самае зямлі, стрэхамі. Колас. Чарнушка ўнёс з прыгрэбніка мех бульбы, уладаваў у задку. Мележ. А калі нарэшце [Валодзя] расплюшчыў вочы, дык убачыў над сабой трухлявую страху прыгрэбніка. Хомчанка.
прыгрэ́бці, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; пр. прыгроб, ‑грэбла; заг. прыграбі; зак., што.
1. Зграбаючы, прысунуць да чаго‑н., сабраць каля чаго‑н. Прыгрэбці сена да стога. // Грабучы, прыкрыць што‑н.
2. Разм. Прыгладзіць, прычасаць збольшага (валасы). [Макарчык] кінуў шапку на крэсла і пяцярнёй прыгроб кудлатыя валасы. Адамчык.
прыгрэ́бціся, ‑грабуся, ‑грабешся, ‑грабецца; ‑грабёмся, ‑грабяцеся; пр. прыгробся, ‑грэблася; заг. прыграбіся; зак.
1. Аказацца прыгрэбеным, прысыпаным чым‑н.; грабучы, прысыпацца чым‑н. [Тэкля:] — Няхай, думаю, лепей дастрэляць, і папаўзла на карачках да таго акна.. Прыбілася, аж сюды, снегам прыгрэблася зверху і от аж дасюль далежала. Грахоўскі.
2. Разм. неадабр. Прыйсці, прыцягнуцца. Нечакана лютаўскім завейным днём прыгробся Якаў. Лобан.
прыгрэ́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыгрэць.
прыгрэ́ў, ‑грэву, м.
(звычайна з прыназ. «на»). Месца, якое добра прыграваецца сонцам. На ўзгорках, на сонечных прыгрэвах чарнела зямля. Вітка.
прыгрэ́цца, ‑грэюся, ‑грэешся, ‑грэецца; зак.
1. Сагрэцца, нагрэцца, размясціўшыся дзе‑н. у цяпле, каля цяпла. Толькі пад раніцу я заснуў, прыгрэўшыся ля агню. Ляўданскі. Пятро Пятровіч забіў гадзюку, якая прыгрэлася на вясновым сонцы. Навуменка. // Крыху нагрэцца, стаць цяплейшым. — Кідай, дачушка, прасніцу. Прынясі дзежку з клеці, няхай прыгрэецца ў хаце. Колас.
2. перан. Знайсці прытулак; прыжыцца.
прыгрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак.
1. Пачаць грэць. Падзьмуў паўднёвы вецер, прыгрэла сонца і ўвачавідкі пастракаціла поле на чорныя плямы. Пальчэўскі. Па-вясноваму прыгрэла сонца. Васілеўская.
2. каго-што. Нагрэць, сагрэць каго‑, што‑н. Красавік прыйшоў. Палі Сонейка прыгрэла, І на леташняй раллі Жыта зарунела. Грахоўскі. — Пакінь, Пакінь мне дачушку маю, Я ў салому яе спавію, Я прыгрэю яе сваім целам. Глебка.
3. перан.; каго. Разм. Аказаць прытулак каму‑н., праявіць чулыя адносіны да каго‑н., паклапаціцца аб кім‑н. Прыгрэць сірату. □ [Шота:] Ну, чаго ты прычапіўся: я, я! І я! Абодва добрыя цацы! Рады, што добрыя людзі прыгрэлі, даглядаюць. Губарэвіч. Мы свой кут у слязах пакідалі, Да цябе нас твой голас пазваў, Ты ўсіх нас прыгрэла, Масква! Броўка.
•••
Прыгрэць змяю (гадзюку) на (сваіх) грудзях — зрабіць дабро чалавеку, які пазней адплачвае няўдзячнасцю.
прыгу́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што, чаго і без дап.
Прыклаўшы да вуснаў, крыху адпіць (звычайна віна або іншага напітку); пакаштаваць. Марынка прыгубіла шклянку і памкнулася паставіць яе, але, кінуўшы спадылба позірк на Паходню, выпіла да дна. Хадкевіч. Бацька выпіў гарэлку, а маці прыгубіла піва. Брыль. Хлопцы і гаспадар выпілі па поўнаму кубку, а гаспадыня толькі прыгубіла. Пальчэўскі.
прыгубі́ць, ‑гублю́, ‑гу́біш, ‑гу́біць; зак., каго-што.
Абл. Прывесці да пагібелі, загубіць. [Андрэй:] — Я з братам біўся калі, як гаспадарку дзялілі, ці што? Я яго абязвечыў, я яго прыгубіў? Чорны. [Ціток:] І-і-і, ты ж, братачка, мяне прыгубіш. Дзе я табе вазьму такія грошы? Каб рублёў з дваццаць, то яшчэ была б гаворка. Лобан.
прыгу́блены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыгу́біць.
прыгу́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыгу́біць.