Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

грымлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. З громам, грымотамі; грымотны. Мінула грымлівае гарачае лета. Самуйлёнак. // Які стварае моцны шум, грукат; грымучы. Грымлівы вадаспад.

гры́мнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм.

1. З грукатам упасці, паваліцца. І раптам — гром скалануў паветра: збіты «месер» грымнуўся побач. Якімовіч. Патапчык спыніўся, выхапіў з кішэні рэвальвер і, не цэлячыся, стрэліў. Конь з ходу грымнуўся на зямлю. Чарнышэвіч.

2. Ударыцца, стукнуцца аб што‑н. Валодзька з размаху грымнуўся аб ганак, моцна збіўшы калена. Гамолка. Алік за штосьці зачапіўся і грымнуўся спіною аб зямлю. Шашкоў.

гры́мнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да грымець.

2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. Нечакана грымнула вайна, і сын нават не развітаўся са сваёй добрай, чулай старэнькай маці. Новікаў.

3. чым і без дап. Моцна, з сілай ударыць, стукнуць. Ладынін з размаху грымнуў кулаком па стале. Шамякін. Максім так грымнуў.. [афіцэрыку] у карак, што той носам заараў мокры пясок. Грахоўскі.

4. Разм. З грукатам упасці, паваліцца. І абняла Петрычыха ногі, ды так абняла, што .. [Журавінка] не адзержаўся на іх, на зямлю грымнуў. Лобан.

грымо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які стварае гром, грымоты; з грымотамі. Грымотны молат. □ Над пажатым полем і яшчэ непрыбраным лугам пацягнуліся грымотныя хмары. Колас.

2. Моцны, аглушальны. Праз хвілін дзесяць бор аглушыўся грымотным выбухам. Якімовіч. І спалохаўся вораг, І ўцёк, Не крануўшы дзяцей, І забыў пра намеры, Грымотнае ўчуўшы Ура. Куляшоў.

грымо́ты, ‑мот і ‑аў; адз. грымота, ‑ы, ж.

Раскацістыя гукі грому, бою і пад. Грымоты кананады. □ Красавік — Абуджэнне салодкіх трывог, Прадчуванне грымот, Навальніц і маланак. Звонак. Калі вакол цішэла, не чуваць было грымотаў — рабілася трывожна. Арабей. Непрыкметна да сяла Без маланкі яркай, Без грымоты падплыла Хмарка. Арочка.

грымо́цце, ‑я, н.

Разм. Тое, што і грымоты. Чэргі .. [кулямётаў], напаўзаючы, зліліся ў далёкае, прыглушанае ветрам грымоцце. Быкаў.

грыму́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стварае рэзкія гукі, моцны шум. Грымучы млын. □ З гор бягуць ручаі грымучыя. Бураўкін. Грымучае полымя імкліва кацілася па лесе. Шчарбатаў. Бумажкоў акідае вачамі грымучую калону нямецкіх танкаў. Чорны.

2. Шумны, гучны. Грымучы голас. □ З грудзей нашых панясецца Вір песень грымучых І ў адзін голас зліецца, У адзін магучы. Купала.

•••

Грымучая змяя гл. змяя.

Грымучая ртуць гл. ртуць.

Грымучы газ гл. газ.

грып, ‑у, м.

Вострая вірусная хвароба, галоўнымі рысамі якой з’яўляюцца запаленне дыхальных шляхоў і гарачка.

[Фр. grippe.]

грыпава́ць, ‑пую, ‑пуеш, ‑пуе; незак.

Разм. Хварэць на грып.

грыпо́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да грыпу, выклікаецца грыпам. Грыпозны бранхіт. Грыпозная эпідэмія.