Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

грог, ‑у, м.

Моцны напітак з каньяку або рому з цукрам і гарачай вадой.

[Англ. grog.]

гро́знасць, ‑і, ж.

Уласцівасць грознага. Від.. [чырвонаармейца] быў даволі грозны, хоць гэта грознасць не зусім пасавала з яго лагоднымі шэрымі вачамі, якімі ён акінуў дзеда Талаша. Колас.

гро́зны, ‑ая, ‑ае; ‑зен, ‑зна.

1. Суровы, жорсткі ў абыходжанні з другімі. Грозны начальнік. □ Ля турэмнай брамы Грозны вартаўнік. Бядуля. Раптам з’явіўся грозны камандзір. — Што гэта? Хто вам дазволіў? Ніякіх сабак у лагеры! Няхай.

2. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны, страшны. Грозная зброя. □ Фронт бліжэй і бліжэй, Грозны грукат плыве па барах. Панчанка. За грозным валам Коціць грозны вал, І пырскі — Вышай узбярэжных скал. Гілевіч.

3. Які выражае пагрозу. Грозны пагляд. Грозны голас. □ Пачуліся грозныя выкрыкі стражнікаў: «Шырэй дарогу! Шырэй! Убок! Убок!» Пестрак.

гро́зьба, ‑ы, ж.

Разм. Абяцанне прычыніць каму‑н. непрыемнасці зло; запалохванне, пагроза. Будуць лаяць — няхай лаюць, Будуць біць — няхай і б’юць, — Тыя грозьбы не пужаюць І не кратаюць нічуць. Колас. Адбегшы, здалёк чую.. грозьбу: — Папомніш ты мяне, галетнік чортаў! Сабаленка.

гром, ‑у, м.

1. Грукат і трэск, якія суправаджаюць маланку ў час навальніцы. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Луг адазваўся грому працяжна, Лес адгукнуўся стары. Колас. Гром грыміць і грыміць... Б’е пярун агнявы. Чарот. З вялікага грому дажджу не бывае. Прыказка.

2. чаго або які. Моцны гул, грукат. Гром кананады. Гарматы гром. □ Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў. Шамякін.

•••

Як гром з яснага неба — раптоўна, зусім нечакана (здарылася што‑н., з’явіўся хто‑н. і пад.). Як гром з яснага неба было для Малышава з’яўленне упаўнаважаных ад сельскага савета. Пальчэўскі.

громаадво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Тое, што і маланкаадвод.

громападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі гучны, падобны на гукі грому. Громападобны крык. Громападобны ўдар.

гро́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Скопішча пладоў або кветак на адной галінцы. Гронка вінаграду. □ Неяк адразу пацяжэлі ад .. крывянога соку гронкі каліны. Паслядовіч. За платамі заблытаныя дажджом і набрынялыя гронкі бэзавых кветак. Карпюк.

гронкападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны да гронкі. Гронкападобнае суквецце.

грос, ‑а, м.

Уст. Дванаццаць тузінаў (144 штукі) якіх‑н. аднародных прадметаў. Грос гузікаў.

[Ням. Gross.]