грыб, ‑а; мн. грыбы, ‑оў; м.
1. Ніжэйшая бесхларафільная расліна ў выглядзе шапачкі на ножцы. Збіраць грыбы. Марынаваць грыбы. Ядомы грыб. Ядавіты грыб. □ Я люблю хадзіць між хвой, Цешыцца грыбамі. Свірка. На кожным кроку на вочы трапляюць грыбы баравікі, маслякі, бабкі. В. Вольскі. // Цвёрдая нарасць на дрэве; губа, чага. Бярозавы грыб. // перан. Пра тое, што мае форму грыба. Атамны грыб.
2. Ніжэйшы бесхларафільны раслінны мікраарганізм, які выклікае браджэнне, гніенне. Плесневыя грыбы-пеніцылы ідуць на выраб антыбіётыкаў.
3. (звычайна ў спалучэнні са словам «стары»). Разм. пагард. Пра старога чалавека. — Дык навошта я ім там, стары грыб, цяпер спатрэбіўся. Васілевіч.
4. звычайна мн. (грыбы́, ‑оў). Разм. пагард. Губы. Развесіў грыбы.
•••
Воўчыя грыбы — агульная назва неядомых грыбоў.
Паразітныя грыбы — грыбы, якія ў якасці крыніцы жыўлення выкарыстоўваюць жывыя тканкі розных арганізмаў.
Чайны грыб — слізістая плеўка, якая ўтвараецца з мікраарганізмаў і расце на паверхні салодкага чайнага раствору.
Расці як грыбы пасля дажджу гл. расці.
Як грыбоў пасля дажджу — многа каго‑, чаго‑н.
грыбава́р, ‑а, м.
Спецыяліст па перапрацоўцы грыбоў, які працуе ў грыбаварні.
грыбава́рны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для варкі грыбоў. Грыбаварны пункт.
грыбава́рня, ‑і, ж.
Сезоннае прадпрыемства, якое займаецца перапрацоўкай грыбоў. З пачатку сезона грыбаварні перапрацавалі звыш 40 тон грыбоў. «Звязда».
грыбае́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Жук, які харчуецца грыбамі.
грыбасе́й, ‑ю, м.
Разм. Пра цёплы дробны дождж, які спрыяе росту грыбоў. За акном церусіў дождж, ціхі і цёплы грыбасей. С. Александровіч.
грыбко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да грыбка (у 2 знач.). Грыбковая плесня. // Выкліканы грыбком. Грыбковае захворванне.
грыбні́к, ‑а, м.
Разм. Той, хто збірае або любіць збіраць грыбы. [Лабановіч] з захапленнем заўзятага грыбніка стаў аглядаць найбольш зручныя для баравікоў лясныя сховы. Колас.
грыбні́ца 1, ‑ы, ж.
Вегетатыўнае цела грыба, якое складаецца з бясколерных тонкіх ніцей — гіфаў, пераплеценых паміж сабой; міцэлій.
грыбні́ца 2, ‑ы, ж.
Разм. Жан. да грыбнік.