Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гру́ба, ‑ы, ж.

Абл. Грубка. Сяджу ў пакоі каля цёплай грубы. Караткевіч. У зачыненай грубе датлявае крамяны жар. Брыль.

грубава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць грубаватага. Грубаватасць выказвання.

грубава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Трохі грубы. Грубаваты голас. □ Дзедам старога называла ўся брыгада, і ў гэтай назве была нейкая пяшчотнасць, грубаватая, змешаная з адценнем .. лёгкай маладой насмешкі і пашаны. Брыль.

гру́басць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць грубага. Грубасць сукна. Грубасць паводзін.

2. Грубае слова, грубы ўчынак. Не гавары грубасцей. □ [Кірыл] падумаў і пра тое, што старой ён нарабіў шмат крыўднага за гэтыя дні, абражаў яе сваімі паводзінамі, грубасцю адказваў на яе радасць сустрэчы і цеплыню яе вачэй. Кавалёў.

грубасцяблі́сты, ‑ая, ‑ае.

Які мае тоўстае, грубае сцябло. Грубасцяблістыя расліны.

грубашэ́рсны, ‑ая, ‑ае.

З якога атрымліваюць грубую шэрсць, воўну. Грубашэрсная парода авечак. // Зроблены з грубай шэрсці. Грубашэрсныя тканіны.

грубе́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. грубы.

грубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Станавіцца грубым, страчваць мяккасць. Рукі грубеюць. // Станавіцца рэзкім, гучным, непрыемным (пра голас). Голас грубее.

2. Страчваць далікатнасць, рабіцца менш культурным.

грубіня́, ‑і, ж.

Абл. Таўшчыня, паўната. Не зважаючы на ўсю грубіню сва[ёй] камплекцыі, гарадавы лёгка павярнуўся і кінуўся пасабляць ланцугу гарадавых. Мурашка.

грубі́ць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак.

Гаварыць грубасці каму‑н. [Таццяна] пачынала кпіць са старых і нават крыху грубіла ім. Шамякін.