прыпу́хласць, ‑і, ж.
Уласцівасць прыпухлага; невялікая пухліна. Прыпухласць павек. □ У прыпухласці губ, у тонкіх рысах твару я заўважыў нешта новае, нібы яна штось прадчувала, а можа, і чакала кагось важнага. Дуброўскі.
прыпу́хліна, ‑ы, ж.
Невялікая пухліна. Адразу заўважаюць яго сівізну, прыпухліны пад вачамі і дзве глыбокія разоркі, што ляглі каля губ. Грахоўскі.
прыпу́хлы, ‑ая, ‑ае.
Які трохі прыпух, успух. Іван Паўлавіч падняў вочы з-пад тоўстых прыпухлых павек. Колас. Чорныя, кучаравыя валасы яе «полькі» растрэсліся на падушцы, а чырвоныя, нібы прыпухлыя губы ўсміхаліся. Брыль.
прыпу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыпух, ‑ла; зак.
Трохі апухнуць, успухнуць. Злыя вочы яе паменшыліся, пачырванелі, павекі прыпухлі. Дуброўскі. Ліпа была цяжарная на апошніх месяцах, губы яе прыпухлі, на твары ляжалі жаўтаватыя плямы. Хомчанка.
прыпу́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыпусціць (у 1, 2, 4 і 5 знач.).
прыпха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. З цяжкасцю дайсці, прыйсці куды‑н. — Я сёння позна, Андрэй. Дарога псуецца, дарогі няма. Пакуль прыпхаўся... Чарнышэвіч.
прыпха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; каго-што.
Разм. Пхаючы, штурхаючы, прысунуць, даставіць куды‑н. Прыпхаць скрыню да сценкі. Прыпхаць машыну ў гарам.
прыпхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Тое, што і прыпхацца.
прыпхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Разм. Пхнуўшы, штурхнуўшы, прысунуць куды‑н., да чаго‑н.
прыпы́л, ‑у, м.
Спец. Дробны вугальны або графітны пыл, якім прысыпаюць унутраную паверхню ліцейнай формы.