Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыпужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Прыстрашыць, прыгразіць чым‑н. з мэтай уздзеяння. Прыпужаць пакараннем. □ Як жа ён паверыць, што для яго гэта карысці, калі яго прыпужалі. Галавач.

прыпу́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыпужаць.

прыпужну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і прыпужаць. Малы ж ізноў сваё — не хоча апранацца, Выбрыкваць, уцякаць пачаў, хавацца. Зноў тыя ж захады прынятыя былі, — Міліцыяй малога прыпужнула. Корбан.

пры́пуск, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыпускаць — прыпусціць (у 4 знач.).

2. Спец. Лішняя частка загатоўкі, якую знімаюць пры далейшай апрацоўцы рэзаннем. // Разм. Тое, што прыпушчана на швы. Выкрайка з прыпускамі.

прыпуска́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыпусціцца.

2. Зал. да прыпускаць (гл. прыпусціць у 1, 4 знач.).

прыпуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыпусціць.

прыпусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

Разм. Пайсці, пабегчы хутка; паскорыць хаду, крок. Адзін толькі Кандрат заўважыў, як Андрушка шуснуў за дзверы. Ён прыпусціўся за ім і дагнаў на загуменні. Лобан. — Я іду, паненка! Я ўжо бягу! — адказаў Казік і прыпусціўся бягом. Чарнышэвіч. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць ісці з большай сілай. Потым прыпусціўся сапраўдны цёплы дождж і зацягнуўся на ўвесь тыдзень. Пташнікаў. // Пачаць што‑н. рабіць; пусціцца. Прыпусціцца ў скокі. □ Кінуўшы томік Маякоўскага на стол, Галя прыпусцілася бегчы з газетаю ў руках. Сабаленка. Нічога не кажучы, прыпусцілася Шэсцель даганяць [калгаснікаў]. Місько.

прыпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго-што. Разм. Дазволіць наблізіцца, падпусціць да каго‑, чаго‑н. Я завёў свайго каня ў загародку, дзе раней стаяла Мальвіна, а Казікавага прыпусціў да кармушкі з сенам. Якімовіч. // Дазволіць зайсці, пусціць куды‑н. папасвіцца; прыпасвіць (пра жывёлу). [Рыгор:] Вось народ! Вось заразы! Ну няхай жа б дзе з краю прыпусціў [каня], дык не — паўгоней збіў. Крапіва. // Дапусціць да кармлення малаком маці (пра жывёл). Прыпусціць цяля да каровы. // Дапусціць да злучкі. Прыпусціць жарабка да кабылы.

2. што і чаго. Дадаць чаго‑н. куды‑н. Толькі ёсць і такія, што рады дачасна Для красы ў валасы прыпусціць серабро. Вітка. // Адпусціць, выпусціць што‑н. затрыманае. Карова малака не прыпусціла.

3. Разм. Тое, што і прыпусціцца. Хлопец з апошніх аслабелых сіл прыпусціў па траве, за ім пакутна, але цярпліва трываючы стому і страх, бегла Джулія. Быкаў. На момант ён прыпыніўся, глянуў па баках і прыпусціў зноў. Шашкоў. Прыпусціць ён [дождж] — зямля цвіце, І грыб, і ягада расце. Лужанін.

4. што. Прыладзіць, дапасаваць да чаго‑н. Акрамя клёпак, сюды [для бочкі] яшчэ патрэбны дошкі на дно, абручы... Потым усё гэта трэба належным чынам прыпусціць, змайстраваць. Тады толькі вада не пацячэ. Кулакоўскі.

5. што і без дап. Пакінуць запас пры раскроі. Прыпусціць на швы.

прыпуха́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. прыпухаць — прыпухнуць. Прыпуханне рук.

прыпуха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыпухнуць.