прыпо́лак, ‑лка, м.
1. Дошка каля печы, на якой мацуецца пол 2.
2. Спец. Адна з дзвюх дошчачак ленчыка ў кавалерыйскім сядле.
прыпо́люсны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца каля полюса, размяшчаецца каля полюса. Прыполюсны раён Арктыкі.
прыпо́мніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
1. Прыйсці на памяць, успомніцца. Прафесару прыпомніўся адзін са шматлікіх завулкаў вялікага горада. Галавач. І чамусьці прыпомнілася Ірыне — так, толькі на адзін няўлоўны міг, — як некалі перасаджваў гэтую ігрушу яе Якаў. Даніленка.
2. Разм. Не забыцца, не даравацца; быць пастаўленым у віну. Цяпер усе яго грахі прыпомніліся яму, і яго зноў сталі цягаць і калоціць. Колас.
прыпо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Аднавіць у памяці, успомніць. Прозвішча здалося мне знаёмым, але я ніяк не мог прыпомніць, дзе сустракаў гэтага чалавека. Дадзіёмаў. Адась выняў папяросу, але не закурыў, прыпомніў, што ў вагоне курыць забаронена. Галавач. // Пазнаць каго‑н. — Што ты, дружа? Не пазнаў хіба мяне? Помніш, бегалі па лужах? Ну, прыпомніў? Бялевіч.
2. Разм. Не забыць чаго‑н., каб адпомсціць, пакараць за гэта. — Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Колас. А катам прыпомнілі сёння Агні Трасцянца і Майданэк. Здавалася нам, што патронаў Ці хопіць адпомсціць за раны. Танк.
прыпо́н, ‑у, м.
Абл. Вяроўка, папруга і пад. для прывязвання жывёлы. Паглядзеў і супакоіўся — было ўсё пад рукамі: прытуплены зрэзаны плуг, аброчная торба з кормам каню, прыпон і жакетка. Гартны. Як каля доўбні вол, Я мушу на прыпоне Хадзіць усё наўкол, Кружыцца аж да скону. Вітка.
прыпра́ва, ‑ы, ж.
Тое, што дадаецца ў страву для паляпшэння яе смаку, паху. Цыбуля, перчык, ліст бабкоў Ды сальца некалькі брускоў, Мука і квас — і ўся прыправа. Колас. [Вера] разам з дзедам-рыбаловам і яшчэ двума студэнтамі пайшла ў вёску па чыгун і розную прыправу для юшкі. Асіпенка. // перан. Разм. Тое, што суправаджае што‑н., служыць дадаткам да чаго‑н. Да суровай праўды амаль заўсёды дадаецца ў .. [пісьменніка] прыправа з чулліва-ўзнёслых учынкаў героя, а таксама напеўнай мовы. Кучар.
прыпра́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыправы. Прыправачны ліст.
прыпра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.
1. Пакласці ў што‑н. прыправу. Прыправіць суп. □ Прыправілі малінай Грузінскі смачны чай. Агняцвет. // перан. Разм. Дапоўніць чым‑н., дадаць што‑н. як суправаджэнне да чаго‑н. Любіў ён і паспяваць, і пасмяяцца, і прыправіць жартамі сваю бойкую гутарку. Колас.
2. Спец. Змяніць сілу ціску на асобныя ўчасткі друкарскай формы для атрымання правільнага адбітка.
3. Прыладзіць, прымацаваць. Маці дапамагала .. [Васілю] запрэгчы ў плуг кабылу,.. прыправіла пастронкі. Кулакоўскі. Залысіў дзядзька дрэва злёгку (Сякера востра, кара крохка), .. латак прыправіў, А пад латак гаршчок паставіў. Колас.
прыпрага́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыпрагаць — прыпрэгчы.
прыпрага́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да прыпрагаць.