прыпляска́цца, ‑плешчацца; зак.
Стаць плоскім, прыбіцца, прыгнуцца. Зямля прыпляскалася.
прыпляска́ць, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.
1. Пляскаючы, злёгку б’ючы, зрабіць плоскім, роўным. Прыпляскаць кучу гліны.
2. Прыбіць. прыгнуць да чаго‑н., прыціснуць уніз. [Кузьма] згроб .. [гной], прыпляскаў да таго, што на возе, і, абцёршы рукі аб балясіны драбінкі, а потым аб порткі, пагнаў каня. Нікановіч. Надоечы прайшоў цёплы спорны лівень, на дарогах прыпляскаў пыл. Кухараў.
прыпля́скваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Пляскаць у такт чаму‑н.; суправаджаць што‑н. воплескамі. Прыпляскваць танцору.
прыпля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да прыпляскваць.
прыплята́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыплесціся.
2. Зал. да прыплятаць.
прыплята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыплесці.
прыпну́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыпнуць.
прыпну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Тое, што і прыпяць. Колькі дзён мінула пасля гэтага, гляджу, прыгнаў Сенька аднекуль новенькую лодку і прыпнуў у загоне супроць сваёй хаты. Краўчанка. — Чакай, Рыгор, я адвяду .. каня і прыпну яго на момант. Гартны.
прыпо́й, ‑ю, м.
Метал або сплаў, які выкарыстоўваецца для злучэння пайкай металічных дэталей, вырабаў і пад.
прыпо́л, ‑у, м.
Ніжні пярэдні край сукенкі, кашулі і пад. Воля падхапіла ручкамі шырокую сінюю спаднічку, і бацька пачаў сыпаць ёй у прыпол цукеркі. Арабей. Павольна хадзілі, падаткнуўшы прыполы шырокіх спадніц, кабеты — палолі траву, выбіралі агуркі. Сачанка. Праз акно было відаць, як гаспадар з прыполу кашулі сыпаў зерне. Хомчанка.