імправізава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад імправізаваць.
2. у знач. прым. Складзены адразу, без папярэдняй падрыхтоўкі. Імправізаваная прамова. Імправізаваная эпіграма.
3. перан.; у знач. прым. Зроблены наспех, без папярэдніх прыгатаванняў. Імправізаваная трыбуна. Імправізаваныя насілкі.
імправізава́цца, ‑зуецца; незак.
Зал. да імправізаваць.
імправізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што і без дап.
Стварыць (ствараць) што‑н. без папярэдняй падрыхтоўкі, у час выканання, на хаду. Імправізаваць верш. □ Адам Міцкевіч, як народныя казачнікі і спевакі, уладар незвычайнай здольнасцю імправізаваць. Лужанін. Гэта было такое шчырае, такое сардэчнае выказванне сапраўднага замілавання да прыроды, што, здавалася, .. [Кася] не чытае, а імправізуе тут, у гэтым харастве. Дубоўка.
[Ад лап. improvisus — непрадбачаны.]
імправіза́тар, ‑а, м.
Той, хто імправізуе, мае здольнасць імправізаваць. Выдатным імправізатарам і непераўзыдзенай расказчыцай народных апавяданняў і казак была прабабка паэта [М. Багдановіча]. Майхровіч.
імправіза́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да імправізатара. Імправізатарскі талент.
імправіза́тарства, ‑а, н.
Дзейнасць імправізатара; імправізацыя (у 1 знач.).
імправізацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да імправізацыі.
імправіза́цыя, ‑і, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. імправізаваць.
2. Імправізаваны твор, прадмет і пад. Тадорык, прысеўшы каля адчыненага акна, іграў на скрыпцы нейкія музычныя імправізацыі, цалкам аддаючыся ім. Колас. Размясціўшыся як дзе хто мог — на зэдліку, на перакуленым чамадане, на зложаным слупку кніг, — мы весела выпілі.. Галавачова жонка Ніна ўсё толькі прасіла прабачыць за такую імправізацыю. Скрыган.
[Іт. improvvisazione.]
імпрэса́рыо, нескл., м.
У капіталістычных краінах — асоба, якая арганізоўвае прыватныя тэатры, асобныя канцэрты, гастролі артыстаў і пад.
[Іт. impresario.]
імпрэ́сія, ‑і, ж.
1. Суб’ектыўнае адчуванне, перажыванне; мімалётнае ўражанне, настрой.
2. Кароткі літаратурны твор эмацыянальна-суб’ектыўнага характару. Імпрэсія ў прозе. □ У аўтабіяграфічнай імпрэсіі «З далёкіх пералётаў» Танк любоўна намаляваў вобраз маці-казачніцы з часоў бежанства. У. Калеснік. Стыль лірычнага, гумарыстычнага апавядання або імпрэсіі моцна адрозніваецца, скажам, ад стылю аповесці, рамана. Навуменка.
[Лац. impressio.]