Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эквілібрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Займацца эквілібрыстыкай.

эквілібры́ст, ‑а, М ‑спе, м.

Цыркавы артыст, які займаецца эквілібрыстыкай. Найбольшым поспехам у праграме нямецкіх артыстаў карысталася дасканалае віртуознае майстэрства таленавітага эквілібрыста Марко. «Беларусь». // перан. Чалавек, які праяўляе незвычайную спрытнасць, выкрутлівасць у паводзінах, спрэчках.

эквілібры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да эквілібрыст.

эквілібры́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Жанр цыркавога мастацтва, які характарызуецца здольнасцю артыста трымаць раўнавагу пры няўстойлівым становішчы цела. Эквілібрыстыка на канаце. // перан. Надзвычайная спрытнасць, выкрутлівасць. Разумовая эквілібрыстыка. □ Прыемна адзначыць творчы рост Вялюгіна, які, адышоўшы ад дэманстрацыі чыста вонкавай паэтычнай эквілібрыстыкі, у апошні час паказаў сапраўдную глыбіню асэнсавання рэчаіснасць. «ЛіМ».

[Ад лац. aequilibris — які знаходзіцца ў раўнавазе.]

э́кер, ‑а, м.

Геадэзічны інструмент для пабудовы на мясцовасці вуглоў пэўнай велічыні.

[Фр. èquerre.]

экза...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «знешні», «вонкавы», напрыклад: экзасфера, экзадэрма.

[Ад грэч. éxō — па-за, звонку.]

экзабіяло́гія, ‑і, ж.

Навуковая галіна, якая вывучае праблемы, звязаныя з магчымасцю існавання незямных форм жыцця.

[Ад грэч. éxō і слова біялогія.]

экзага́мія, ‑і, ж.

Характэрны для першабытнаабшчыннага ладу звычай, які забараняў шлюб паміж мужчынамі і жанчынамі аднаго і таго ж роду, племя.

[Ад грэч. éxō і gámos — шлюб.]

экзага́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да экзагаміі; заснаваны на экзагаміі. Экзагамны шлюб.

экзаге́нны, ‑ая, ‑ае.

У геалогіі — які адбываецца або ўтвараецца пад уздзеяннем вонкавых сіл на паверхні Зямлі. Экзагенныя працэсы. Экзагенныя глебы.

[Ад грэч. éxō і génos — род, нараджэнне.]