Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цемраша́л, ‑а, м.

Носьбіт рэакцыйнай, варожай прагрэсу і культуры ідэалогіі; рэакцыянер. Сярэдневяковыя цемрашалы. □ Гітлераўскія цемрашалы смерцю пакаралі дзяцей мужнага чалавека, камбрыга партызанскага злучэння на Віцебшчыне Міная Піліпавіча Шмырова. Бялевіч. Цемрашалы настойліва ўбівалі ў галовы сваіх ахвяр: несупраціўленне злу, нянавісць да зброі, свяшчэннасць і непарушнасць законаў секты. «Маладосць».

цемраша́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цемрашала, цемрашальства. Цемрашальскія ідэі.

цемраша́льства, ‑а, н.

Погляды і паводзіны цемрашалаў; варожасць да прагрэсу, адукацыі; абскурантызм. [Скарына] паклаў пачатак беларускаму кнігадрукаванню, якое з цягам часу ператварылася ў магутны фактар пашырэння пісьменнасці і барацьбы супраць царкоўнага цемрашальства. Алексютовіч. Перамога савецкага народа над фашызмам з’яўлялася перамогай вялікіх прынцыпаў гуманізму над сіламі зла і сярэдневяковага цемрашальства. Бярозкін.

це́мя, цемя і цемені, Д цемю і цемені, В цемя, Т цемем і цеменем, М (аб) цемі і (аб) цемені, н.

Верхняя частка галавы, а таксама верх чэрапа паміж лобнымі, патылічнымі і скроневымі касцямі. [Хлопец] падстрыжаны пад бокс так, што толькі на самым цемі тырчаў касмыль русых валасоў. Дуброўскі. Ссунуўшы казырок на цемя, хлопец уважліва разглядаў чарцёж і ледзь прыкметна шавяліў вуснамі. Кулакоўскі.

цемянны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да цемя. Цемянная косць.

ценелюбі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які добра расце ў зацененых месцах; які не любіць сонца. Ценелюбівыя травы.

цень, ‑ю, М ‑і і (у) цяні́, м.

1. Прастора, заслоненая чым‑н. ад сонца. Нам ясна стане ў гэты дзень, Што зелень уся без Сонца згіне, Што толькі з Сонцам дораг цень! Грамыка. // Цемната, змрок. Начны цень. Вячэрні цень. □ Сонечныя прам[я]ні пранізваюць лясны цень, але воблакі час ад часу закрываюць сонца. Пестрак.

2. Цёмны адбітак прадмета на чым‑н., пры ўмове асвятлення з процілеглага боку. Калі ішоў Яўген па вуліцы, цень яго гойдаўся, паласкаўся ў мізэрным водбліску месяца. Баранавых. Полымя свечак ківалася, і на сценах і столі скакалі дзіўныя цені. Арабей. // перан. Пра таго, хто ўвесь час ходзіць за кім‑н., падпарадкоўваецца каму‑н. Раней [Шохан] быў ценем Мудрыка, хадзіў толькі з ім, ва ўсім яму падтакваючы. Навуменка. // перан.; чаго або які. Адлюстраванне ўнутранага стану (трывогі, смутку, болю і пад.). Як толькі вочы яго [Грэчкі] ажылі, на твары лёг пакутны цень. Мележ. Па Толевым твары прабег цень смутку. Якімовіч.

3. перан.; чаго. Слабы след, адбітак чаго‑н.; напамінак аб чым‑н. Умеў.. [Чорны] зрабіць заўвагу, паправіць, перасцерагчы так, што ў гэтым не было і ценю крыўднага. Мележ. Васіль таксама не вельмі паважаў лесніка. Ужо даўно ляжаў між імі чорны цень узаемнай нянавісці. Колас. // Пра верагоднасць пагрозы чаго‑н. Каб дзеці вольныя раслі, — Вайны прагонім цень! Агняцвет. Чорнай хмарай не заслоніць межы Цень злавесны атамнай вайны. Звонак.

4. Невыразныя ў цемры абрысы постаці, фігуры каго‑н. Ля акопаў зашасталі цені. Хтосьці прысеў перад брустверам Валодзевага акопчыка. Навуменка. У лесе мільгануў цень нейкага невялікага звера. Маўр.

5. Пра каго‑н. вельмі аслабленага, худога. Як .. [Косця] зблажэў і аслабеў! Проста не чалавек, а цень... Ваданосаў.

6. Спец. Месца на малюнку, карціне, якое перадае найменш асветленыя ўчасткі чаго‑н. Пакласці цені. Ігра святла і ценю.

7. Здань, дух мерцвяка. Усе асноўныя сцэны П. Малчанаў выконвае з вялікім майстэрствам: дыялог Гамлета з ценем бацькі, сцэна «мышалоўкі», маналог «быць ці не быць», сцэна пахавання Афеліі і інш. «Беларусь».

•••

Кідаць цень на каго-што гл. кідаць.

Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.

У цяні — а) непрыкметным, непрыкмечаным (быць, заставацца, трымацца); б) без асаблівай увагі, на заднім плане (пакідаць, трымаць каго‑, што‑н.).

Як цень — неадчэпна (хадзіць за кім‑н.).

це́нькі, ‑ая, ‑ае.

Абл.

1. Тонкі, вельмі тонкі. Авёс шамаціць галінкамі, нібы адмысловымі ценькімі каралямі. Броўка.

2. Вельмі высокі па гучанню, падобны на піск. Ценькі званочак. □ Ценькімі галасамі ад пчол звініць зямля наўкола. Калюга.

ценява́ць, цянюю, цянюеш, цянюе; незак.

Абл. Ісці напрасткі, нацянькі; скарачаць шлях. — Мінута — батальён на нагах. Бясшумна цянююць на Прыпяць. Колас.

ценявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да ценю (у 2, 6 знач.). Ценявыя ўзоры. Ценявая праекцыя. Ценявы тэатр. Ценявыя фарбы.

2. Які знаходзіцца ў цяні (у 1 знач.); неасветлены. Ценявы бок вуліцы. □ Некалі гэтая.. [ігруша] раскошна і маляўніча развіналася над хатай, яе лісце было да таго густое, што пры невялікім дожджыку ўвесь ценявы бок страхі аставаўся сухі. Кулакоўскі.

3. перан. Адмоўны, непажаданы. Ценявыя бакі жыцця Багдановіч раскрываў з настолькі вялікім пачуццём меры, што раскрыццё іх было ў яго сапраўды не «кветкамі зла». Лойка.