Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сне́данне, ‑я, н.

Ранішняя яда. Маці за снеданнем некалькі разоў спрабавала ўшчаць гаворку, але бацька маўчаў. Гурскі. Увесь гэты дзень, за выключэннем перапынку на снеданне і абед,.. быў прызначан агляду калгаснай гаспадаркі. Колас. // Ежа, прызначаная для ранішняй яды. У белыя торбачкі [касцы] ўлажылі прыгатаванае жонкамі і мацеркамі снеданне. Гартны. Базыль, знайшоўшы на стале снеданне, уплятаў яго, аж сківіцы трашчалі... Нікановіч.

сне́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Есці раніцай. Снедалі рана, як снедаюць звычайна перад дарогай. Брыль. Калі Антаніна прыйшла на поле, Надзя і Волька, выжаўшы ўжо соткі па паўтары, сядзелі на снапах і снедалі. Васілевіч. Маці з бацькам снедалі з намі ў ранні час. Куляшоў.

сне́жань, ‑жня, м.

Дванаццаты месяц каляндарнага года. У пакой рынула ядранае марознае паветра — на дварэ панавала зіма, быў пачатак снежня. Васілёнак.

сне́жаньскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да снежня. Снежаньскі мароз. □ Кароценькі снежаньскі дзень неяк згас неўпрыкмет, і я вяртаўся назад ужо ў сінія прыцемкі. Ракітны. // Які адбываўся, праходзіў у снежні. Снежаньскі пленум.

сне́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Невялікі тугі камяк, злеплены з снегу. Юрка і Юзік весела марозілі рукі, стараючыся з падмерзлага снегу ляпіць снежкі. Чорны.

2. толькі мн. (сне́жкі, ‑жак). Гульня, пры якой стараюцца закідаць адзін аднаго снежнымі камякамі. Узімку, выходзячы са школы, мы заядла рэзаліся ў снежкі. Скрыган. На сэрцы адлегла, і я крыкнуў: — Хлопцы, давайце ў снежкі згуляем... Сабаленка.

сне́жна,

1. Прысл. да снежны (у 4 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра вялікую колькасць снегу. Снежна на двары.

сне́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць снежнага. У снежнасці кужэльных шат, у харастве ўсіх наскіх песень яна, чаканая, прыйшла. Дубоўка.

снежная́гаднік, ‑у, м.

Хмызняк сямейства бружмелевых з прыгожымі беласнежнымі пладамі.

сне́жніца, ‑ы, ж.

Вада на лёдзе, што ўтварылася ад раставання снегу, які ляжаў на паверхні лёду.

сне́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да снегу; які з’яўляецца снегам. Снежныя гурбы. Снежныя хмары. □ Дзе-нідзе трэсне ад марозу галінка, сарвецца снежны ком з яловай лапы, і зноў усё ціха, ціха. Лынькоў. Лес, пакрыты снежнай коўдрай, стаяў маўклівы, задумлівы... Шамякін. З галінак асыпаўся бліскучы снежны пыл. Шыцік. // Зроблены з снегу, у снезе, на снезе. Снежны домік. Снежная нара. Снежная дарога.

2. Багаты на снег. Снежная зіма. □ Успамінаюцца марозныя, снежныя ночы, цёплая печ і цягучы голас бабулінай песні. Брыль. Другая палова лютага 1929 года была сцюдзёнай і снежнай. Машара.

3. Пакрыты снегам. Снежнае поле. Снежныя горы. □ Снежная паляна, Снег блішчыць ў імгле. Бядуля.

4. Падобны на снег (колерам, выглядам). Снежнае палатно. Снежныя зубы. □ Снежная белізна была такой яркай, што ажно балюча стала вачам. Шахавец.