Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

про́мах, ‑у, м.

1. Выстрал або ўдар міма цэлі; непападанне ў цэль. Біць без промаху. □ Не ведае промаху куля чэркеса. Броўка. Промах — мяч ляціць у ваду і вось ужо гайдаецца на хвалях, даволі хутка ўцякаючы ад берага. Брыль.

2. перан. Памылка, хіба. У рамястве.. [Васіль] быў здатны, прыкметлівы, а ў гаспадарскіх справах часта спатыкаўся, меў шмат усякіх промахаў і ўсякіх недарэчнасцей. Кулакоўскі. Я не збіраюся ідэалізаваць парторга Абраменкава. Ёсць і ў яго рабоце свае недахопы, промахі: вельмі гэта тонкая і складаная справа — партыйная работа. Дадзіёмаў.

•••

Не промах — лоўкі, кемлівы, які не ўпусціць свайго. [Стары Верас:] Ну, што ж мне сказаць... Як я пагляджу, дык мой хлопец не промах: выбраў сабе дзяўчыну да пары. Крапіва.

про́мень, ‑мня і ‑меня; мн. промні, ‑яў і промені, ‑яў; м.

Тое, што і прамень. Ад ранішніх промняў крупінкі бурштыну заззялі, як зоркі, на роўнядзі вод. А. Вольскі. Вось першы промень над зямлёю бліснуў — І іскраў у расе не пазбіраць. Панчанка.

про́мысел, ‑слу, м.

1. Здабыванне звяроў, птушак і пад. лоўляй, паляваннем. Промысел собаля. □ Мой дзед ездзіў на ловы ўжо з беркутам, а бацька, удасканаліўшы промысел продкаў, акрамя беркута, меў ганчака. Васілёнак.

2. Які‑н. занятак, рамяство як крыніца сродкаў існавання. Ганчарны промысел. Кавальскі промысел. □ Уперад некаторыя з лугінаўцаў займаліся промысламі: рабілі ц[а]бры, падушкі, колы, выраблялі рагожы ды вазілі за дваццаць вёрст у горад на продаж. Каваль. // Разм. Здабыванне чаго‑н. (часцей крадзяжом, ашуканствам і пад.). У Познані, дзе мянялася паравозная брыгада, Станіслаў хадзіў на «промысел», каб дастаць хлеба. Гурскі.

3. Месца, дзе займаюцца здабычай чаго‑н.; прамысловае прадпрыемства. Нафтавыя промыслы. Саляныя промыслы.

•••

Адыходны промысел (гіст.) — часовая, сезонная работа сялян за межамі сваёй вёскі.

про́мыславы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і прамысловы (у 2, 3 знач.).

про́паведзь, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прапаведаваць; прапаведаванне.

2. Рэлігійна-павучальная прамова свяшчэннаслужыцеля звычайна ў царкве. Назаўтра поп граміў у царкве, у пропаведзі, каталіцтва, а Скуратовіч прымушан быў.. ехаць да споведзі аж у суседні прыход. Чорны. // перан. Разм. Павучанне, настаўленне. [Галубовіч:] — Не палічы гэта за нейкую пропаведзь. Я звяртаюся да цябе, як да чалавека, якому веру. Бальшавікі адкідаюць прыгожыя словы, мы не цураемся самай чорнай работы ў імя рэвалюцыі. Колас. — Усюды мы крычыш, што трэба берагчы лес, гадаваць яго да поўнай спеласці, не падпускаць браканьераў да жывога дрэва. І адразу ж забываемся на свае пропаведзі. Паслядовіч.

про́падам,

У выразе: прападзі ты пропадам! гл. прапасці.

про́паліс, ‑у, м.

Клейкае смалістае рэчыва, якое выпрацоўваецца пчоламі і выкарыстоўваецца імі ў якасці будаўнічага матэрыялу.

[Грэч. própolis.]

про́пісь, ‑і, ж.

1. Узор правільнага каліграфічнага пісьма. Спісваць з пропісі. // Пісьмо ад рукі сярод друкаванага тэксту.

2. перан. Агульнавядомая, збітая ісціна, думка.

3. у знач. прысл. про́піссю. Словамі, а не лічбамі. Напісаць суму пропіссю.

про́пуск, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. прапускаць — прапусціць (у 1 знач.).

2. ‑у. Адсутнасць, выключэнне чаго‑н. Чытаць з пропускамі. □ Собіч, не адрываючыся, сачыў, каб не асталося дзе прапускаў, бо часамі подпіс павінен быць толькі на версе, а часамі і на адвароце, часамі на адным экземпляры, а часамі і на двух. Скрыган. // Незапоўненае месца сярод тэксту. Пропуск паміж радкамі.

3. ‑а. Дакумент на права ўваходу, уезду куды‑н., праходу або праезду праз што‑н. Паказаць пропуск. Праверыць пропуск. □ — Я ж усё-такі актрыса, маю сякое-такое дачыненне да тэатра, ды ў мяне і пропуск на дваіх у ложу дырэкцыі. Рамановіч. — У мяне сумленне чыстае, і я спакойны. Толькі б дастаць ёй у Гродне пропуск за граніцу. Карпюк. // Уст. Пароль. Ведаць пропуск.

4. ‑у. Няяўка на заняткі, сходы і пад. Наведваць лекцыі без пропускаў.

про́разь, ‑і, ж.

1. Скразная, звычайна вузкая адтуліна, прарэзаная ў чым‑н. Саўка зазірнуў у проразь дупла: там бялелі рэшткі воску і дзе-нідзе блішчаў мёд. Сачанка. І тут заўважыў Міколка, як праз проразь паліто відаць жандарскія сінія штаны. Лынькоў. // Разм. Від мастацкай скразной разьбы. // Спец. Выраз, жалабок у прыцэльным прыстасаванні агнястрэльнай зброі.

2. Спецыяльная лодка для перавозкі жывой рыбы.