мужыкава́тасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць мужыкаватага.
мужыкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Знешнасцю і манерамі падобны на мужыка (у 2 знач.). Які ж Бабейка спрытны чалавек! Недалёкі, здаецца, мужыкаваты ў горшым сэнсе слова, а які спрытны! Хадкевіч.
мужы́цкі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да мужыка (у 1 знач.), належыць мужыкам. Мужыцкая хага. □ Збігнеў быў апрануты ў доўгі мужыцкі кажух. Карпюк. // Такі, як у мужыка, уласцівы мужыку (у 1 знач). Доўга не чакаючы, .. [Несцер] пайшоў насустрач Кляновічу, ўзрадаваны, што гэты вучоны мае мужыцкую натуру, бо рана ўстае. Пестрак.
мужы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Уст., лаянк. Жан. да мужык (у 1, 2 знач.).
мужычо́к, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да мужык (у 1 знач.).
мужыччо́, ‑а, н., зб.
Уст. (з адценнем пагардлівасці або лаянк.). Мужыкі (у 1, 2 знач.). Пілі [паны] маленькімі кілішачкамі, пакідаючы ў дне, не так, як мужыччо, шклянкамі і да дна. Сабаленка. [Мікалай Мікалаевіч:] — Мужыччо, а ў інтэлігентаў гуляюць, на французскі пранонс захварэлі. Грахоўскі.
мужы́чы, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да мужыка, належыць мужыку (у 1, 2 знач.).
мужычы́на, ‑ы, м.
Уст., лаянк. Мужык (у 2 знач.).
му́за, ‑ы, ж.
1. У грэчаскай міфалогіі — адна з дзевяці багінь, заступніца навук і мастацтваў.
2. перан. Паэт. Творчае натхненне; крыніца паэтычнага натхнення. Будзь музаю маёй, Маім натхненнем, І ласкаю, І казкаю жывой. Грахоўскі. — Паэт павінен або прымаць або не прымаць рэчаіснасць, інакш муза змоўкне. Галавач.
3. перан. Аб чыёй‑н. творчасці, мастацтве. Муза Коласа.
[Грэч. Músa.]
музе́й, ‑я, м.
Установа, якая збірае, вывучае, зберагае і выстаўляе для агляду помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, а таксама прыродазнаўчыя калекцыі. Літаратурны музей Я. Купалы. Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Краязнаўчы музей.
[Грэч. muséion — храм муз.]