Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

грэх, граху і граху; мн. грахі, ‑оў; м.

1. У веруючых — парушэнне правіл рэлігійнай маралі. Поп, вядома, мог бы пакараць Андрэя, але ён сам меў столькі грахоў, што пабаяўся крануць гэтага свавольнага шляхцюка. Чарнышэвіч. Кожную нядзелю Хадося хадзіла ў малітоўны дом адмольваць грахі. Гроднеў.

2. Заганны ўчынак, памылка, правінка. Пры пачатку новай справы не мінеш ніколі грэху: то прышыў не так рукавы, то няроўным швом праехаў. Дубоўка. І грозна і гнеўна глядзіць ён на грэх, — І ўсыпле-ж дзед Сцёпку за гэты агрэх! Крапіва.

3. у знач. вык. Разм. Нядобра, недаравальна, недазвольна. Грэх сядзець без работы. □ — Грэх табе будзе, Сцёпка, ну, проста такі грэх, калі ты вучыцца не будзеш, — казала Аленка. Колас. // (з адмоўем: не грэх). Дазваляецца; не дрэнна б. Дабром і пахваліцца не грэх. □ — Эт! не грэх ужо мне, старому, пад кажухом пазней паляжаць! Бядуля.

•••

Браць (узяць) грэх на душу гл. браць.

Далей (падалей) ад граху гл. далей.

З грахом папалам гл. папалам.

І смех і грэх гл. смех.

Нядоўга і да граху гл. нядоўга.

Няма чаго граху таіць гл. таіць.

Смяртэльны (смертны) грэх — недаравальны ўчынак, вялікая правінка.

Як на грэх — як на зло, на няшчасце.

грэхападзе́нне, ‑я, н.

У біблейскім міфічным паданні — парушэнне першымі людзьмі, Адамам і Евай, запаветаў бога. // перан. Кніжн., іран. Парушэнне грамадскіх норм паводзін, маралі і пад. Мы вышэй прывялі прыклад таго, як Энгельгардт, учыніўшы сваё народніцкае грэхападзенне, дапісаўся да таго, што «добра было б» развіваць у вёсцы адработкі! Ленін.

грэ́цкі 1, ‑ая, ‑ае.

Прыгатаваны з зерня грэчкі. Грэцкія крупы. Грэцкая мука.

грэ́цкі 2, ‑ая, ‑ае.

Як састаўная частка некаторых складаных пазваў. Грэцкі арэх.

грэ́цца, грэюся, грэешся, грэецца; незак.

1. Грэць, саграваць сябе. Назбірае бабка трэсак, падпаліць у печы і грэецца перад агнём. Якімовіч. Вусаты кот Фядот любіў грэцца па сонцы, калі яно свеціць у хату. Брыль.

2. Рабіцца цёплым, гарачым; пагравацца. Чай грэецца. Радыятар грэецца.

грэцы́зм, ‑а, м.

Слова або выраз, запазычаныя з грэчаскай мовы.

грэць, грэю, грэеш, грэе; незак., каго-што і без дап.

1. Перадаваць сваю цеплыню; саграваць. Сонца грэе. Печ добра грэе кватэру. □ Шчыльна прытуліўшыся,.. [хлопчыкі] маглі грэць адзін аднаго. Маўр. // Захоўваць цеплыню, засцерагаць ад холаду. Кажух добра грэе. □ Хоць вецер змоўк і стала зацішней, не грэе коўдра мне старых касцей. Дубоўка. // перан. Абнадзейваць, паднімаць настрой. Помні.. Слова, што ў любой нягодзе грэла Кожную пакутную душу. Кірэенка. Прабіраючыся па сумётат дахаты, .. [Дзіма] грэе сябе марай аб шчаслівай будучыні. Якімовіч.

2. Рабіць цёплым, гарачым; награваць. Грэць чай. □ У хаце.. Сабастыяніха грэла на камінку ваду. Чорны.

3. Разм. Біць. — У-у, ты, бесхрыбетны! — і Марцін грэў Станіслава па плячах кулаком. Карпюк.

•••

Грэць рукі — нажывацца несумленным спосабам.

грэ́часкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Грэцыі, грэкаў, належыць ім. Грэчаская мова. Грэчаскае мастацтва.

грэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Палявая травяністая меданосная расліна сямейства грэчкавых, з зярнят якой робяць муку, крупы і інш. Па пояс тут вырасце грэчка І мёдам запахнуць палі. Панчанка.

2. Зерне гэтай расліны. Пасеяць грэчку.

грэ́чкавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да грэчкі. Грэчкавы пах. Грэчкавы цвет.

2. у знач. наз. грэ́чкавыя, ‑ых. Назва сямейства раслін класа двухдольных, да якога адносяцца грэчка, рэвень і інш.

грэ́шна,

1. Прысл. да грэшны.

2. у знач. вык., з інф. Разм. Нядобра, недаравальна, недазвольна. Мы яе, такую смелую і адважную, бачым другі раз, і было б грэшна не ўважыць яе просьбу. Няхай.