грэх, граху і граху; мн. грахі, ‑оў; м.

1. У веруючых — парушэнне правіл рэлігійнай маралі. Поп, вядома, мог бы пакараць Андрэя, але ён сам меў столькі грахоў, што пабаяўся крануць гэтага свавольнага шляхцюка. Чарнышэвіч. Кожную нядзелю Хадося хадзіла ў малітоўны дом адмольваць грахі. Гроднеў.

2. Заганны ўчынак, памылка, правінка. Пры пачатку новай справы не мінеш ніколі грэху: то прышыў не так рукавы, то няроўным швом праехаў. Дубоўка. І грозна і гнеўна глядзіць ён на грэх, — І ўсыпле-ж дзед Сцёпку за гэты агрэх! Крапіва.

3. у знач. вык. Разм. Нядобра, недаравальна, недазвольна. Грэх сядзець без работы. ▪ — Грэх табе будзе, Сцёпка, ну, проста такі грэх, калі ты вучыцца не будзеш, — казала Аленка. Колас. // (з адмоўем: не грэх). Дазваляецца; не дрэнна б. Дабром і пахваліцца не грэх. ▪ — Эт! не грэх ужо мне, старому, пад кажухом пазней паляжаць! Бядуля.

•••

Браць (узяць) грэх на душу гл. браць.

Далей (падалей) ад граху гл. далей.

З грахом папалам гл. папалам.

І смех і грэх гл. смех.

Нядоўга і да граху гл. нядоўга.

Няма чаго граху таіць гл. таіць.

Смяртэльны (смертны) грэх — недаравальны ўчынак, вялікая правінка.

Як на грэх — як на зло, на няшчасце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)