агля́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да аглянуцца. Ішла.. [жанчына] чамусьці крадком і ўвесь час аглядвалася. Якімовіч.
2. Зал. да аглядваць.
агля́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да агледзець (у 1, 2 і 4 знач.).
агля́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. аглядацца — агледзецца (у 1–2 знач.), аглянуцца (у 1–2 знач.).
2. Асцярожныя, баязлівыя адносіны ў дзеяннях; асцярога. [Вера:] — У гэтых словах — уся наша Таня, з яе аглядкамі на заўтра. Машара.
•••
Без аглядкі (бегчы, імчацца, дзейнічаць і пад.) — а) бегчы вельмі хутка, з усіх сіл, не аглядваючыся. Алесь без вопраткі і босы Бяжыць у снег, праставалосы, За хлеў ён чэша без аглядкі: — А во яны! а во «начаткі»! Колас; б) рабіць што‑н. рашуча, не вагаючыся; в) рабіць што‑н. бесклапотна, не звяртаючы ўвагі ні на што.
З аглядкай — асцярожна, прадбачліва; прыглядаючыся да другіх.
агля́днасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць агляднага; аглядны характар чаго‑н.
2. Асцярожнасць, прадуманасць дзеянняў, учынкаў. Такая агляднасць Вачынскай кінулася мне ў вочы. Пестрак.
агля́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які можна агледзець, акінуць, ахапіць поглядам.
2. Які з’яўляецца аглядам (у 3 знач.). Аглядны артыкул.
3. Які мае дачыненне да афіцыйнага інспектавання, праверкі.
агля́дчык, ‑а, м.
Службовая асоба, якая робіць агляд чаго‑н. з мэтай праверкі. Аглядчык вагонаў. Аглядчык засцерагальных лямпаў.
агляну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Паглядзець, павярнуўшы галаву назад; азірнуцца. Вольга Віктараўна ідзе борзда, ні разу назад не аглянулася. Лабановіч стаіць, пазірае ёй услед. Колас. // перан. Кінуць погляд на мінулае, каб даць яму новую ацэнку. Вялікі Кастрычнік даў магчымасць беларускім пісьменнікам аглянуцца з вышыні заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі на мінулае свайго народа. Дзюбайла.
2. Паглядзець вакол сябе. Лясніцкі памаўчаў, аглянуўся навокал і панізіў голас. Шамякін.
3. Апамятацца, заўважыць, прыкмеціць. І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла, бы шчэпку ў перавале. Колас.
•••
Не паспець аглянуцца, як... гл. паспець.
агля́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
Акінуць позіркам. Міхал падыдзе і прыстане, І лаву жыцейка агляне. Колас.