Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

агараджа́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для абгароджвання, засцярогі чаго‑н. Агараджальная дамба. Агараджальныя збудаванні.

агарадзі́цца, ‑раджуся, ‑родзішся, ‑родзіцца; зак.

Тое, што і абгарадзіцца.

агарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак.

1. Тое, што і абгарадзіць.

2. перан. Засцерагчы, абараніць, ахаваць ад каго‑, чаго‑н. Агарадзіць чалавецтва ад вайны. □ Падземная частка помпавай станцыі размесціцца ніжэй узроўню вады ў Дзвіне, яе трэба агарадзіць ад грунтавых вод. Хадкевіч.

ага́рак, ‑рка, м.

Астатак недагарэлай свечкі, электрода, цыгаркі і пад. Васковы агарак. □ Рыгор моўчкі прайшоў да сябе і, засвяціўшы агарак свечкі, зноў хапіўся за чытанне. Гартны.

ага́ркавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да агарка. Агаркавы воск.

агарну́цца, агарнуся, агорнешся, агорнецца; зак.

1. Ахінуць сябе чым‑н.; загарнуцца. Агарнуцца хусткай.

2. Заслацца, аблажыцца з усіх бакоў. Лес агарнуўся цемрай.

3. перан. Апынуцца ў пэўным душэўным стане. [Вэня] дапаў да сваіх саней, і душа яго агарнулася лагодным спакоем: конь быў накормлены і запрэжан. Чорны.

агарну́ць, агарну, агорнеш, агорне; зак., каго-што.

1. Укрыць з усіх бакоў, абкруціць. Іван, нічога не кажучы, агарнуў адзежынай худыя, вострыя плечы [Джуліі]. Быкаў. // Абняць, абхапіць каго‑, што‑н. Аберуч агарнуў [хлопчык], як з маткаю абняўся, І ў споласе сачыў за бамбавозам, І нават у пажары не расстаўся з бярозай. Вітка. // перан. Настаць, заспець (пра ноч, цемру і пад.). Зося гэтак шчыра запрацавалася, што не пабачыла, як яе агарнула ноч. Чарот. Ціхі летні вечар агарнуў зямлю. Якімовіч.

2. перан. Завалодаць, захапіць, падпарадкаваць сабе; адолець, апанаваць. Дома Міця доўга не мог супакоіцца. Думкі пра Сюзану ўладна агарнулі душу. Навуменка. // Ахапіць каго‑н. (пра пачуцці, стан). [Іван і Джулія] не здолелі прайсці таемна, адкрылі сябе, ззаду застаўся сведка, і непакой з новаю сілай агарнуў хлопца — выдасць аўстрыяк ці не? Быкаў. [Язэп:] — «Што ты, Віктар, выдумляеш, хто пра мяне гаворыць?» А ў самога сэрца ў пяткі заскочыла, і млявасць агарнула ўсё цела. Чарнышэвіч.

агаро́д, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Участак зямлі засаджаны агароднінай. Мінулі хлеў, між густых зарас[нікаў] кіяшніку і маку, што буяў на агародзе, выбраліся на прыгуменне. Мележ. Хлопчыкі падышлі ўжо блізка да агародаў, як учулі плач на ўскраі вёскі. Лынькоў.

2. ‑у. Агародныя культуры. На папялішчы тым сусед Сабе пасеяў агарод. Астрэйка.

•••

Агарод гарадзіць гл. гарадзіць.

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый гл. кідаць.

Пусціць казла ў агарод гл. пусціць.

агаро́джа, ‑ы, ж.

Плот, тын, сцяна і пад. вакол чаго‑н. Старыя ліпы і бярозы.., нібы верныя вартаўнікі, стаялі наўкола жалезнай агароджы. Чарот. Перад вокнамі, за нізкай агароджай, цвілі вяргіні. Чорны. Таму маўзалей, агароджу, Каб вечна тут вёсны цвілі, Вянкамі народ упрыгожыў. Танк.

агаро́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад агарадзіць.