Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыно́с, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыносіць — прынесці.

2. Уст. Тое, што прыносіцца ў выглядзе дару, падарунка. Не любіць з носам, а з прыносам. Прымаўка.

прыно́сіцца, ‑ношуся, ‑носішся, ‑носіцца; незак.

1. Незак. да прынесціся.

2. Зал. да прыносіць.

прыно́сіць, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць.

Незак. да прынесці.

прыну́ка, ‑і, ДМ ‑нуцы, ж.

Прымус, прымушэнне. Зімою Косцік цалюткі дзень праседжваў за сталом. Рыхтаваўся ўдумліва і без прынукі. С. Александровіч. Дзе ласкай, а дзе і прынукай вывела ў людзі сыноў. В. Макарэвіч.

прынука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Прымушаць, патрабаваць. Грыша пакрыўдзіўся на матчыну несправядлівасць і ўвесь дзень нічога ў рот не ўзяў, як ні прынукала маці. Пальчэўскі.

прынц, ‑а, м.

У Заходняй Еўропе — тытул члена (не караля) каралеўскага дома. // Асоба, якая носіць такі тытул.

[Ням. Prinz.]

пры́нцып, ‑у, м.

1. Асноўнае, зыходнае палажэнне якой‑н. тэорыі, вучэння, навукі і пад. Прынцыпы знешняй палітыкі СССР. Прынцыпы пралетарскага інтэрнацыяналізму. Дэмакратычны прынцып кіраўніцтва. □ — Не турбуйцеся, — адказаў я. — Работа рэдакцыі абумоўлена святымі прынцыпамі нашага савецкага друку — выступаць толькі з праўдай. Ракітны. Змагаючыся за стварэнне масавай палітычнай арганізацыі, В. Тарашкевіч прызнае кіруючую ролю Кампартыі ў рэвалюцыйным руху і сам як камуніст умела і творча ажыццяўляе гэты прынцып. Палуян. // Асноўны закон якой‑н. дакладнай навукі. Прынцып сусветнага прыцягнення.

2. Унутранае перакананне ў чым‑н., норма або правіла паводзін. Гаварыў [бацька] пра свае маладыя гады, выкладаючы мне пры гэтым некаторыя свае жыццёвыя прынцыпы. Таўлай. Назанскі ніколі не адступаўся ад свайго правіла — кожны дзень свежая кашуля. Гэта быў яго жалезны прынцып: у свежай кашулі, гаварыў ён, працуецца лепш. Гаўрылкін.

3. Асноўная асаблівасць канструкцыі якога‑н. механізма, прыбора. Гучнагаварыцель зроблены па прынцыпу тэлефона. □ [Мірон:] — Пастукаем аб камень, зробім насечкі, каб не слізгала. Так сказаць, па прынцыпу пілы. Маўр.

•••

У прынцыпе — у асноўным, у агульных рысах.

[Ад лац. principium — пачатак, аснова.]

прынцыпа́л, ‑а, м.

Уст. Начальнік, гаспадар у адносінах да падначаленых.

[Ад лац. principalis — галоўны.]

прынцыпа́т, ‑у, М ‑паце, м.

У Старажытным Рыме — дзяржаўны лад, пры якім захоўваліся рэспубліканскія ўстановы, але фактычна ўлада належала імператару, які лічыўся першым сярод роўных.

[Лац. principatus.]

прынцыпо́васць, ‑і, ж.

Паслядоўнае правядзенне і прытрымліванне пэўных прынцыпаў. Любіў .. [Доўнар] Пазняка за сціпласць, за выразную строгую прынцыповасць, за шчырую патрэбу служыць партыі, за бездакорнасць у рабоце. Дуброўскі.