Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прагайса́ць,

гл. прагойсаць.

прага́л, ‑у, м.

Тое, што і прагаліна. Выбліснуў правал — лугавіна. Наперадзе пятляла даволі шырокая рэчка, а за ёй зноў сцяна змешана-сасновага і лісцвянога лесу. Навуменка. У прагале паміж галін Захар бачыў толькі тры зоркі, але хутка яны патухлі. Краўчанка.

прагалада́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Адчуць голад, захацець есці. Бацька ўзяў скібу хлеба, стаў нецярпліва жаваць: прагаладаўся вельмі. Мележ.

прагалада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Галадаць некаторы час.

прага́лак, ‑лку, м.

Тое, што і прагаліна. Урэшце на прагалак між дрэў унізе выбегла лёгкая паласатая постаць на выгляд быццам падлетка. Быкаў.

прагаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.

Прыняць удзел у галасаванні; аддаць свой голас за каго‑, што‑н. Позна ўночы заракітнянцы прагаласавалі за новага старшыню і разышліся па хатах. Краўчанка. // Разм. Падняць угору руку з мэтай спыніць які‑н. транспарт. На дарозе «прагаласаваў» салдат, і мы ўзялі яго да сябе ў кузаў. Хомчанка.

прагаласі́ць, ‑лашу, ‑лосіш, ‑лосіць; зак.

Галасіць некаторы час.

прагалёкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Галёкаць некаторы час. Вуглоўцы прагалёкалі на гэтым сходзе з абеду і да самага кіно. Брыль.

прага́ліна, ‑ы, ж.

1. Незарослае дрэвамі месца ў лесе; палянка. На палянках, на прагалінах.. гэтага лесу мы пасвілі кароў або коней. Ермаловіч. // Голае, пазбаўленае покрыву месца на якой‑н. паверхні. Ад белай выкашанай прагаліны аж сюды на ржышча цягнуліся крывыя свежыя зялёныя пракосы. Пташнікаў.

2. Вольнае месца паміж чым‑н. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ.

прагалі́цца, ‑галюся, ‑голішся, ‑голіцца; зак.

Галіцца некаторы час.