Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прына́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прынадзіць.

прына́джванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прынаджваць — прынадзіць.

прына́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прынадзіцца.

2. Зал. да прынаджваць.

прына́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прынадзіць.

прына́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. Пайсці на прынаду (пра птушак, рыб, жывёл).

2. Разм. Прызвычаіцца быць, бываць дзе‑н.; панадзіцца, унадзіцца. Так я прынадзіўся наведвацца .. [у піўнушку], аж зараз сорамна ўспомніць. Новікаў.

прына́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Прыцягваючы ўвагу чым‑н. (звычайна кормам), прымусіць наблізіцца (птушку, рыбу, жывёл).

2. Выклікаць жаданне быць, бываць дзе‑н.; прывабіць. [Ніна:] Дык, можа, і арэшнік пасадзіць, вавёрачак прынадзіць на сосны. Кучар. Вось казу прынадзіў Канюшынкай садзік. Шушкевіч. // Выклікаць сімпатыю да сябе. Марылька аж зазлавала была на мяне. Маўляў, гэта я вінаваты — гэтак хлопчыка прынадзіў, што ён не прызнае яе за маму. Сабаленка. // Прыцягнуць да якой‑н. справы. За доўгі час удалося яму прынадзіць толькі з паўсотні чалавек. Новікаў.

прына́длівы, ‑ая, ‑ае.

Які прыладжвае; прываблівы; прынадны. Як свежы калач, увесь горад прапах тым пахам духмяным мядовым. Лез вораг на гэты прынадлівы пах. Не знаў, што калач наш сталёвы. Зарыцкі.

прына́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прынаднага. [Праксэда] падабалася сваёй жаночай прынаднасцю, ціхай лагоднасцю. Сабаленка.

прына́дны, ‑ая, ‑ае.

Прываблівы, прывабны, спакуслівы. Вокны ў пакоі пана падлоўчага святлелі прынадным бляскам. Колас. Так кружыцца маюць звычай Часта чайкі над вадою Над прынаднаю здабычай. Крапіва. [Яша] крыху паблукала між дрэў, шукаючы прынадную мясцінку. Мележ.

прыназо́ўнік, ‑а, м.

Службовае слова, якое ўжываецца для сувязі паміж залежным назоўнікам, займеннікам або лічэбнікам і словам, якое ім кіруе, і выражае сінтаксічныя адносіны паміж імі, напрыклад: «за», «на», «каля».