захло́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць хлопаць. // Хлопнуць некалькі разоў запар; прахлопаць. На дварэ захлопаў крыламі і прапяяў певень. Галавач.
захлусі́цца, ‑хлушуся, ‑хлусішся, ‑хлусіцца; зак.
Разм. Захапіцца хлуснёй; заблытацца ў хлусні.
захлына́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да захлынуцца.
2. Утвараць частыя перарывістыя гукі. У гасцінай захлынаецца гітара, пані Авяліна спявае песню. Бажко.
захлыну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Задыхнуцца ад вады, якая набралася ў рот, горла, вушы і пад.; заліцца. Вада віравала, а памагчы не было як і не было чым, каб хоць перарэзаць гужы. Кабыла захлынулася, ледзьве выратаваўся і сам бацька. Скрыган. // Адчуць цяжкасць у дыханні, захапіўшы ў грудзі зашмат паветра. [Таццяна] схапілася рукамі за грудзі і прагна глынула марознае паветра, захлынулася ім. Шамякін. // Задыхнуцца, захлябнуцца ад прыліву пачуццяў, думак і пад. Стары раптам захлынуўся ад жаху, як малое дзіця, убачыўшы так блізка ад сябе варожых салдат. Паслядовіч.
2. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 3 знач.). Калі дзот будзе падаўлены, атака можа захлынуцца. Кулакоўскі.
3. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 4 знач.). Пятро Мажэйка не чуў ужо, як захлынуўся дот, як партызаны загаспадарылі на «жалезцы». Шахавец.
захлыну́ць, ‑не; зак., каго-што.
Заліць, пакрыць поўнасцю (пра ваду). Паводка захлынула берагі. // перан. Захапіць, паглынуць (пра пачуцці). Гарачая хваля ўдзячнасці і нейкага іншага пачуцця, якому .. [Вася] і назвы не знаходзіў, захлынула яго. Шамякін.
захлю́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Стаць аблітым граззю, вадой і пад.; заплюхацца, запырскацца. Захлюпацца з ног да галавы.
захлю́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Абпырскаць, абліць вадой, граззю і пад. Ядзя стаяла, абтрасалася, нібы мокрая курыца. — Захлюпаю падлогу, — апраўдвалася яна. — Бач, як цячэ... Новікаў.
захлю́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць хлюпаць.
захлябну́цца і захлібну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Задыхнуцца ад вады, што трапіла ў рот, горла; захлынуцца. Яшчэ хвілінка, і перавернецца плыт, паляціць на пясчанае дно кулямёт, захлібнуцца ў вадзе кулямётчыкі. Лынькоў.
2. Мімаволі перарваць дыханне ад якога‑н. моцнага пачуцця. Жанчына нібы захлібнулася енкам, прыціхла, толькі жаласліва ўсхліпвала. Арабей.
3. перан. Спыніцца, сарвацца (пра атаку, наступленне). Падаспелі нашы танкі, і контратака нямецка-фашысцкіх войск захлябнулася. Гурскі.
4. перан. Перастаць дзейнічаць; змоўкнуць. Кулямёт захлябнуўся. □ Зазвініць піла, захлябнецца, потым зноў зазвініць. Федасеенка.