Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

захламля́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да захламіцца.

2. Зал. да захламляць.

захламля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да захламіць.

захларафармава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., каго.

Уст. Усыпіць хворага пры дапамозе хлараформу.

захлёбвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да захлябнуцца, захлібнуцца.

2. Мімаволі перарываць дыханне пры моцным смеху, плачы, хуткай гаворцы і пад. — Усё мне вернуць, ве-ернуць гады! — захлёбваўся Цыбулька з пенай на губах. Шчарбатаў. Грэйнім проста перараджаецца: ён захлёбваецца, размаўляючы, і смех так і сыплецца з яго вуснаў. Чарнышэвіч. // перан. Утвараць частыя пералівістыя гукі; залівацца. Спяваў гарласты певень, адзін перад другім захлёбваліся брэхам сабакі. Васілевіч.

захлёбісты, ‑ая, ‑ае.

Залівісты, з захлёбваннем. І раптам нібы прарвалася ноч: прачнуліся па дварах сабакі, і злы, захлёбісты брэх падняўся да самага неба. Чыгрынаў.

захлібну́цца,

гл. захлябнуцца.

захліпа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да захліпнуцца.

2. Сутаргава задыхацца пры моцным смеху, плачы, хуткай гаворцы і пад. Аксана захліпалася ад нястрымнага рогату. Пянкрат. — Нявестачка, родненькая мая.. Як я рады, — аж захліпаецца словамі бацька і цалуе.. Іру. Сабаленка. // перан. Утвараць частыя пералівістыя гукі; залівацца, захлёбвацца. На вечарынцы захліпаўся гармонік. Асіпенка.

захлі́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць хліпаць.

захлі́пвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да захліпнуцца.

захліпну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Міжвольна спыніць, затрымаць дыханне, папярхнуцца ад папаўшай у дыхальнае горла вадкасці, дыму і пад. — Цябе пані кліча!.. — выпаліў Базылёк адным духам і моцна захліпнуўся. Якімовіч. Лёдзя захліпнулася паветрам і спалатнела. Карпаў. // Памерці ад спынення дыхання. [Завішнюк] .. падумаў, што ў яе паранены лёгкія і яна магла захліпнуцца, не даехаўшы да Мсціжаў. Пташнікаў.

2. Адчуць цяжкасць пры дыханні ў грудзях ад якога‑н. моцнага пачуцця; задыхнуцца. Захліпнуцца ад страху. Захліпнуцца ад радасці. Захліпнуцца ад крыўды. □ — Бацька! — Марфа пляснула далонямі. — Я ж яму казала, каб ён, нягоднік, да гэтых кветак... — яна ледзь не захліпнулася ад злосці. Савіцкі.

3. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 3 знач.). Коннаартылерысты падпалілі чатыры танкі, і атака ворага захліпнулася. «Маладосць».

4. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 4 знач.). Адразу ж захліпнуўся.. гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.

5. Спыніць гарэнне, патухнуць. На хвіліну азарыўшы столь І сцены, захліпнулася святло. Танк.