захліпнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Міжвольна спыніць, затрымаць дыханне, папярхнуцца ад папаўшай у дыхальнае горла вадкасці, дыму і пад. — Цябе пані кліча!.. — выпаліў Базылёк адным духам і моцна захліпнуўся. Якімовіч. Лёдзя захліпнулася паветрам і спалатнела. Карпаў. // Памерці ад спынення дыхання. [Завішнюк] .. падумаў, што ў яе паранены лёгкія і яна магла захліпнуцца, не даехаўшы да Мсціжаў. Пташнікаў.
2. Адчуць цяжкасць пры дыханні ў грудзях ад якога‑н. моцнага пачуцця; задыхнуцца. Захліпнуцца ад страху. Захліпнуцца ад радасці. Захліпнуцца ад крыўды. ▪ — Бацька! — Марфа пляснула далонямі. — Я ж яму казала, каб ён, нягоднік, да гэтых кветак... — яна ледзь не захліпнулася ад злосці. Савіцкі.
3. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 3 знач.). Коннаартылерысты падпалілі чатыры танкі, і атака ворага захліпнулася. «Маладосць».
4. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 4 знач.). Адразу ж захліпнуўся.. гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.
5. Спыніць гарэнне, патухнуць. На хвіліну азарыўшы столь І сцены, захліпнулася святло. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)