прымуша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прымусіць.
прымушэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прымушаць — прымусіць.
пры́мхі, ‑аў; адз. прымха, ‑і, ДМ ‑мсе, ж.
Забабоны, забабонныя прыкметы. І хоць Алесь ніколі не верыў ні ў якія забабоны і прымхі, сарваў рамонак і пачаў варажыць. Броўка. Ні адна вёска не была такая цёмная, закасцянелая ў забабонах і прымхах, як Стычыны... Чарнышэвіч.
пры́мхлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны да прымхаў. Чалавек робіцца прымхлівы, калі ведае, што блізкі яго на краі жыцця. Шамякін. Аб’ектыў фотакамеры палохаў прымхлівых і забабонных сельскіх жыхароў. «Помнікі».
2. Заснаваны на прымхах. Босая, у белай начной сарочцы.. [Лёдзя] выклікала ў Арыны прымхлівы страх. Карпаў.
прымча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Прыехаць, прыбегчы, прыбыць куды‑н. вельмі хутка. Уночы з павятовага гарадка прымчаўся ў Караліну коннік і моцна забарабаніў у панскае акно. Пальчэўскі. Алесь прымчаўся да Ганаковых адразу пасля змены. Шыцік.
прымча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго-што. Разм. Прынесці, прывезці, даставіць каго‑, што‑н. вельмі хутка. Уладзік мігам прымчаў вядро вады. С. Александровіч. Калі партызаны, спехам зрабіўшы перавязку, прымчалі свайго цяжка параненага камандзіра ў вёску Свяціца, малады хірург .. на момант нават разгубіўся. Паслядовіч.
2. Разм. Тое, што і прымчацца. [Гарошка:] — Селі мы з ім у каламажку і праз якіх хвілін сорак прымчалі ў «Чырвоную Бярозаўку»... Краўчанка. Цягнік прымчаў з цяжкім грукатам .., увесь ахутаны ветрам і пылам. Хадкевіч.
пры́мы, ‑аў; адз. няма.
Пасяленне, пражыванне мужчыны пасля жаніцьбы ў сям’і жонкі; прымацтва. Маці кажа, што трэба сыну ісці куды-небудзь у прымы, да багатай дзеўкі, а бацька пярэчыць: «Прымачы хлеб сабачы»... Пестрак. Прымы .. [Лапінкі] нясытыя: морг поля і хата на курынай ножцы. Брыль.
•••
Прыстаць (пайсці) у прымы гл. прыстаць.
прымыка́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прымыкаць — прымкнуць.
2. Від сінтаксічнай сувязі слоў у сказе, якая заключаецца ў граматычнай залежнасці нязменных слоў, напрыклад: «іду пешшу», «зраблю заўтра», «злёгку чырвоны».
прымыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да прымкнуць.
2. Размяшчацца ў непасрэднай блізкасці да чаго‑н., прылягаць да чаго‑н. [Адзін бок сенажаці] губляўся далёка ў кустах, другі прымыкаў да вялікага возера. Чарнышэвіч.
3. У граматыцы — быць у залежнасці ў форме прымыкання.
прымы́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
Разм. Дадаць выдуманае, прыдумаць.