прыміры́цельны, ‑ая, ‑ае.
Які садзейнічае прымірэнню, прымірэнчы. Прымірыцельны тон.
прыміры́цца, ‑міруся, ‑мірышся, ‑мірыцца; зак., з кім-чым.
1. Пакласці канец сварцы, варожасці паміж сабой і кім‑н. Валя, як мы пераехалі, сама варыла абеды, наогул яна ўсё рабіла сама, каб неяк прымірыцца з маці. Гаўрылкін. Успаміны крыху размякчалі Максіма Сцяпанавіча, ён лагаднеў, але непрыязнасць да пасынка не давала яму зусім прымірыцца з жонкай, і яны дзьмуліся адно на аднаго. Карпаў.
2. Памяркоўна аднесціся да чаго‑н.; звыкнуцца з чым‑н. На першым пачатку Вера нібы прымірылася з тым, што мары яе стаць урачом не здзейсніліся. Дуброўскі. Бацькі хутка прымірыліся з тым, што хлапец астаўся ў калгасе: нахлебнікам у сям’і ён больш не быў. Пальчэўскі.
прыміры́ць, ‑міру, ‑мірыш, ‑мірыць; зак., каго-што з кім-чым.
1. Пакласці канец сварцы, варожасці паміж кім‑н. Смерць можа часова прымірыць нават самых заўзятых ворагаў... Ваданосаў. Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма — усё намагалася палагодніць, прымірыць усіх з Ганнаю. Мележ. // перан. Згладзіць супярэчнасці паміж чым‑н.; узгадніць што‑н. з чым‑н. Прымірыць навуку і рэлігію багасловы неаднойчы спрабавалі. «Полымя». Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была самая патаемная і самая душэўная думка. М. Стральцоў.
2. Прымусіць памяркоўна аднесціся да каго‑, чаго‑н. Мы асабліва не заўважаем бегу часу і ўсё хочам прымірыць нас ранейшых з намі цяперашнімі. Сіпакоў.
прымірэ́нец, ‑нца, м.
Той, хто імкнецца прымірыць, згладзіць класавыя супярэчнасці; прыхільнік прымірэнства.
прымірэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прыміраць — прымірыць і прымірацца — прымірыцца (у 1 знач.).
2. Стан паводле дзеясл. прымірацца — прымірыцца (у 2 знач.). Язык .. [Чыкілевіча] казаў аб прымірэнні з горкаю доляю, а мыслі напружана шукалі спосабу самай жорсткай помсты. Колас.
прымірэ́нства, ‑а, н.
Разнавіднасць апартунізму ў рабочым руху, заснаваная на палітыцы прымірэння з класавым ворагам, на сціранні класавых супярэчнасцей; згодніцтва. // Ухіленне ад канфліктаў, барацьбы. Прымірэнства з дрэннай якасцю працы.
прымірэ́нчы, ‑ая, ‑ае.
1. Які садзейнічае прымірэнню, выказвае згоду. Прымірэнчы тон. □ Дзед Пранук сустракаў .. [Палашку] прымірэнчай рэплікай: — Вось і скварку з’ямо. Лынькоў.
2. Які мае адносіны да прымірэнца, прымірэнства. Прымірэнчыя настроі.
прымітыві́зм, ‑у, м.
1. Спрошчаны падыход да складанай з’явы.
2. Нескладанасць па будове, па тэхніцы выканання. Падняцца над прымітывізмам масавай самадзейнай рэвалюцыйнай паэзіі 20‑х гадоў,.. перайсці ад простых перапеваў класікаў да творчага развіцця іх галоўных традыцый — такія чарговыя задачы стаялі перад заходнебеларускай літаратурай 30‑х гадоў. Бугаёў.
3. У мастацтве 19–20 стст. — наўмыснае спрашчэнне выяўленчых сродкаў і выкарыстоўванне форм прымітыўнага (першабытнага, народнага, дзіцячага) мастацтва.
прымітыві́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Паслядоўнік прымітывізму. Стыль яго [Драздовіча] малюнкаў блізкі да прымітывістаў. Шматаў.
прыміты́ў, ‑тыву, м.
1. Неразвітая, простая з’ява ў параўнанні з наступнымі, пазнейшымі з’явамі гэтага ж роду. // Пра што‑н. спрошчанае, невысокае па тэхніцы выканання. Пасля трох частак усім стала ясна, што гэта фільм у духу «старога Джона Форда»: не добры, але і не прымітыў. «Маладосць».
2. Твор мастацтва, які належыць да ранніх стадый развіцця культуры, з параўнальна невысокай тэхнікай выканання.
[Ад лац. primitivus — першапачатковы, першабытны.]