прымеркава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прымеркаваць.
прымеркава́цца, ‑мяркуюся, ‑мяркуешся, ‑мяркуецца; зак.
Сабрацца, прымерыцца, падрыхтавацца што‑н. зрабіць, улічыўшы абставіны. Прымеркавацца перайсці дарогу. Толькі я прымеркаваўся скочыць — мяне схапілі за руку.
прымеркава́ць, ‑мяркую, ‑мяркуеш, ‑мяркуе; зак.
1. што. Прыстасаваць да чаго‑н. (у часе, тэрміне). Прымеркаваць выданне кнігі да юбілею. Прымеркаваць адкрыццё клуба да свята.
2. Прыйсці ў патрэбны момант; трапіць у час. Прымеркаваў к самаму абеду.
прыме́ркнуцца, ‑нецца; безас. зак.
Разм. Пра надыход няпоўнага, першага змроку. А толькі прымеркнецца, агародамі, .. нібы злодзей, зноў [Васіль] крадзецца ў каноплі... Сачанка.
прыме́ркнуць, ‑не; безас. зак.
Разм. Тое, што і прымеркнуцца. Ужо добра было прымеркла, але ў вокнах агню не відаць. Мабыць, яны былі завешаны для маскіроўкі. Сабаленка.
прыме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Прыладзіцца, намерыцца зрабіць што‑н. Ля адчыненага акенца Міхась яшчэ раз прымерыўся і нарэшце выняў з кішэні гранату. Якімовіч. Вось праціўнікі яшчэ раз прымерыліся, папрасілі локці, каб былі строга на адной лініі, пераглянуліся, і барацьба пачалася. Шыловіч.
прыме́сці, ‑ляту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце; пр. прымёў, ‑мяла, ‑мяло; зак., што.
Метучы, сабраць у якім‑н. месцы. Прымесці смецце да сцяны.
пры́месь, ‑і, ж.
Не галоўны, дадатковы элемент у складзе чаго‑н.; дамешак. Ачысціць насенне ад прымесей. □ Прымесь дуба ў лясах поўначы БССР складае ўсяго 0,2–0,4%. Прырода Беларусі. Але і фізічны, і хімічны аналізы не паказалі якіх-небудзь шкодных для чалавека прымесей у наваколлі. Шыцік. // перан. Разм. Дадатак да чаго‑н. Даследчык устанаўлівае, што гэта была ў сваёй аснове беларуская літаратурная мова XVI ст. з прымессю да яе стараславянскіх і чэшскіх слоў. Алексютовіч. Прымесь гаркаватага скепсісу адчувалася дзе-нідзе ў творах [паэта]. Перкін.
прыме́та, ‑ы, ДМ ‑меце, ж.
Тое, што і прыкмета. Дзед Талаш і Мартын Рыль былі запісаны ў асобны спісак з пералічэннем прымет, па якіх можна пазнаць іх. Колас. — А ляцяць як нізка! — Зіма блізка, — напамінае Сцяпан вядомую ўсім прымету. Крапіва. Зачарнелі дарогі — добрая прымета на ўраджай. Скрыган.
прыме́тнік, ‑а, м.
Часціна мовы, якая абазначае якасць, уласцівасць або прыналежнасць прадмета і змяняецца па родах, склонах і ліках.