Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыме́ншыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.

Разм. Зрабіць трохі меншым.

прыме́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прымераць.

прыме́рацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Вызначыць сваю адпаведнасць з кім‑, чым‑н. (па якіх‑н. якасцях, асаблівасцях). Затым .. [Фішар] прымераўся да глыбіні — бруствер яшчэ не дасягаў і грудзей. Быкаў. [Архіп Спірыдонавіч] парашыў паглядзець, як .. [сыны] жывуць, нават неяк прымерацца да іх жыцця. «Маладосць».

2. Разм. Прыстасавацца, прызвычаіцца да чаго‑н. Да крокаў тваіх я імкнуўся прымерацца, Наперад не лезучы гвалтам. Панчанка. [Кручанюк] патроху звыкся са сваёю славаю, добра прымераўся да розных трыбун і пачынаў ужо адчуваць сябе незаменным чалавекам для грамадства. Ваданосаў.

прыме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.

Надзець, прыкласці для вызначэння адпаведнасці (па памеру, колеру і пад.). Прымераць боты. Прымераць сукенку. □ — Ніякі дурань не дагадаўся б падняць на дуб вала, каб там прымераць, ці выйдзе з дуба ярмо. Чарнышэвіч. [Платон] прысеў прымераць цвікі — ці добра яны будуць. Ракітны. // Рашыць, прыкінуць. Мы з жонкай даўно прымералі: будзе хлопец — значыць, Якуб, а калі дзяўчына — назавём іменем вашай маці. Лужанін.

прыме́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаецца, служыць для прымеркі. Прымерачная кабіна. // у знач. наз. прыме́рачная, ‑ай, ж. Пакой, памяшканне для прымеркі. Сваіх пакупнікоў я абслугоўваў ветліва і культурна. Асабліва мужчын. Я па некалькі разоў вадзіў іх у прымерачную, круціў перад люстэркам. Нядзведскі.

прыме́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прымерваць — прымераць і прымервацца — прымерацца.

прыме́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прымерацца.

2. Зал. да прымерваць.

прыме́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прымераць.

прыме́рзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ‑мёрз, ‑мерзла; зак.

1. Прыстаць да чаго‑н. пад уздзеяннем марозу. Зашчэпка форткі, якую .. [Веля] ўзялася адчыняць, добра прымерзла. Савіцкі. Пахлі .. [бярвёны] смалой, лясной прэласцю, ігліцай, што прымерзла да вуглаватых камлёў з белымі елачкамі падсочкі. Шамякін.

2. Крыху, не поўнасцю замерзнуць; падмерзнуць. — Дзве каровы, як горы, зусім яшчэ свежыя.. Нават і прымерзлі крыху, так што мяса не трэба ні саліць, ні ў лядоўню цягнуць. Чорны.

прыме́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прымерваць — прымераць.