Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прымасці́ць, ‑машчу, ‑мосціш, ‑мосціць; зак., што.

Разм. Размясціць дзе‑н., пакласці, паставіць каля чаго‑н., да чаго‑н. (звычайна з цяжкасцю, у нязручным месцы). Падняўшы верхнюю лаўку, .. [жанчына] паклала на яе чамадан, потым узяла рэчы .. і прымасціла іх у кутку на ніжняй лаўцы. Ракітны. [Ластаўка] трымала ў дзюбцы саломінку і ніяк не здагадвалася, куды зручней яе прымасціць. Васілевіч.

прыма́т, ‑у, М ‑маце, м.

Кніжн. Перавага, найважнейшае значэнне; першаснасць. У поглядах на літаратуру М. Піятуховіч выходзіў з сацыялагічнага разумення творчай дзейнасці мастака, з прымату сацыяльна-эканамічных, гістарычных фактараў. Мушынскі. Загаловак «Песня кулікоў» на першы погляд аддае прымат мары над рэальнасцю. У. Калеснік. З Драздом пайшла Варона на заклад, Што лепш спяе, што лепшы голас мае, Што першы прыз бясспрэчна атрымае, Бо тут, маўляў, яе прымат. Валасевіч.

[Ад лац. primatus — першае месца, старшынство.]

прыматало́гія, ‑і, ж.

Раздзел заалогіі, які вывучае прыматаў.

прымата́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыматаць.

прымата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

1. Прымацаваць што‑н. да чаго‑н. ніткамі, дротам і пад.

2. Дадаць, наматаўшы яшчэ. Прыматаць нітак да клубка.

прыма́ты, ‑аў; адз. няма.

Атрад найбольш высокаарганізаваных млекакормячых (паўмалпы і малпы).

[Лац. primates.]

пры́маўка, ‑і, ДМ ‑маўцы; Р мн. ‑мавак; ж.

1. Агульнавядомы ўстойлівы выраз, звычайна вобразны, які адрозніваецца ад прыказкі тым, што не з’яўляецца закончаным суджэннем і звычайна не мае павучальнага зместу. Вандруючы па беларускіх землях, Федароўскі адразу заўважыў, што ў мове беларусаў вельмі часта сустракаюцца дасціпныя слоўцы, яркія прыказкі, прымаўкі, мудрыя выслоўі. Саламевіч. [Бародзіч:] — У нас нават прымаўка пайшла ў народзе: шавец заўсёды без ботаў. Чорны.

2. Фраза, словы, якія часта кім‑н. паўтараюцца; прыгаворка. Любімай прымаўкай кожнага стычынца было: «Барані божа!». Яны ўсе ўжывалі яе калі трэба і калі не трэба. Чарнышэвіч. — Далі прыкурыць немцам як належыць, — скончыў капітан прымаўкай камбрыга. Мележ.

прымаўка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прымоўкнуць.

прымаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што і без дап.

1. Гаварыць, вымаўляць што‑н., суправаджаючы якое‑н. дзеянне; прыгаворваць. Калі лажыўся на далонь З сявенькі завадскі авёс, Я прымаўляў: — Расці, каб конь Браў з ходу лёгка цяжкі воз. Астрэйка. Прымаўляючы «а давай, братка, пабачым, ці смачны дарожны хлеб», .. [Кузьма Чорны] разламаў акрайчык на роўныя кавалкі і адзін падаў мне. Кірэенка.

2. Уст. Угаворваць каго‑н. што‑н. зрабіць. Крыўдна трохі і на бацьку, што прымаўляў .. [Насту] ісці [замуж] — ды стары ён, што ты возьмеш з яго... Каваль.

прымацава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для прымацавання куды‑н. Прымацавальны талон.