прымарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Трохі змарнець, знясілець. Прымарнеў Даніла за гэтыя часы: шчокі ўпалі, падбародак станчэў. Кулакоўскі.
прымаро́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прымарозіць.
2. у знач. прым. Злёгку пашкоджаны марозам; абмарожаны. Прымарожаныя яблыкі. □ [Лёкса] нагнулася, узяла ў руку прытаптаны нагамі корчык жыта — камячок чорнай зямлі з прымарожанымі жоўта-зялёнымі стрэлкамі і доўгімі белымі ніткамі карэньчыкаў. Кудравец.
прымаро́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прымарозіць.
прымаро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., каго-што.
1. Замарозіўшы, прымацаваць да чаго‑н.
2. Злёгку пашкодзіць марозам; абмарозіць. Прымарозіць пальцы на назе. □ — Пуп .. [цяля] прымарозіла, як яшчэ пад каравай было. Ермаловіч.
3. безас. Падмарозіць (пра надыход маразоў, холаду). На дварэ добра прымарозіла. У паветры кружыліся сняжынкі. Шамякін.
прымару́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прымарудзіць.
прымару́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прымарудзіць.
прымару́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Разм. Затрымацца крыху, замарудзіцца. — Прымарудзіўся дзе-небудзь на хвіліну — адстаў на год. Кулакоўскі.
прымару́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
Разм. Трохі замарудзіць, запаволіць. Каля старой антонаўкі, на якой маршчынілася кара, Антось прымарудзіў крок. Хадкевіч.
прыма́с, ‑а, м.
У каталіцкай і англіканскай цэрквах — тытул галоўных епіскапаў.
[Ад лац. primas — галоўная асоба, галоўны.]
прымасці́цца, ‑машчуся, ‑мосцішся, ‑мосціцца; зак.
Разм. Размясціцца, уладкавацца дзе‑н. (звычайна ў нязручным месцы). Дзве маладзейшыя выхавальніцы .. прымасціліся на адной табурэтцы ля цёплай грубкі і таксама аб нечым гаварылі, час ад часу паглядаючы на дырэктара. Нядзведскі. Побач з .. [Якубовічам] сядзелі Паходня і Зося Валынец, а далей каля агню прымасціліся — хто на карчы, хто на падасланым сене — Кузёмка Дзерах, чарнавусы Марцін. Хадкевіч. Госці ўжо сядзелі за сталом.. [Вара] прымасцілася на самым разу. Дуброўскі. / у вобразным ужыв. Па суседству з дубам, між кустоў чаромхі, прымасцілася сасонка. Пальчэўскі. Ля вежы прымасцілася невялічкая драўляная будыніна. Гаўрылкін.