Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыгля́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыгледзець.

прыглядзе́цца,

гл. прыгледзецца.

прыглядзе́ць,

гл. прыгледзець.

прыгляну́цца, ‑глянуся, ‑глянешся, ‑глянецца; зак.

Разм. Выклікаць чыю‑н. увагу, сімпатыю; спадабацца. Прыглянулася Алія старому баю. Даніленка. А калі парою, Здарыцца часіна, Прыглянуцца нашы Хлопец ці дзяўчына, — Рады мы заўсёды З вамі нарадніцца. Русак. Вось гэтыя месцы і прыглянуліся працавітым мірным бабрам — вакол цішыня і спакой, шмат вады і корму. Самусенка.

прыгнаі́ць, ‑гнаю, ‑гноіш, ‑гноіць; зак., што.

Дрэнна захоўваючы, даць падгнісці; трохі згнаіць. Прыгнаіць сена.

прыгна́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыгнаць.

прыгна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго. Гонячы, падганяючы, даставіць куды‑н. Прыгналі коней з начлегу, і калгасны двор напоўніўся тупаннем і крыкамі. Шамякін. Толькі, бывала, .. [Лявонка] прыгоніць Белалобую ў статак, глядзіць — а яе ўжо зноў няма... Шуцько. [Няміру] прыгналі туды, куды зганялі ўсіх мужчын — у крайнюю хату. Чорны. // Разм. Прывесці, прыслаць. Салдаты пачалі ачышчаць для .. [Тоўхарта] пакоі. Прыгналі некалькі жанчын мыць падлогу. Чорны. // перан. Разм. Прымусіць прыйсці, з’явіцца куды‑н. Па ўсім было відаць, што чалавека не раскоша прыгнала сюды, на навагранскую вуліцу. Сабаленка.

2. што. Разм. Едучы на чым‑н., кіруючы чым‑н., даставіць (машыну, лодку і пад.). Грысь з Тодарам прыгналі сюды некалькі лодак, і калі трэба было, то партызаны перапраўляліся з аднаго боку на другі. Кулакоўскі. На .. двор прыгналі.. трактар, які ў пачатку вайны схаваў у лес Кастусь Серада. Шахавец. // Рухаючы, перамяшчаючы сілай сваёй плыні, даставіць куды‑н. [Тварыцкі] сказаў, што пойдзе прынясе плашку, якую прыгнала аднекуль рэчкай вада. Чорны. Цёплы вецер павявае, Хмар дажджлівых нам прызнаў. Колас. / у безас. ужыв. [Завішнюк] глядзеў на вуліцу, на пясок — думаў: адкуль яго набралася гэтулькі ў Лонве, мусіць, памыла, прыгнала з вадой у дажджы ад лесу. Пташнікаў. // безас. каго-што. Разм. неадабр. Прыйсці куды‑н., з’явіцца дзе‑н. Мы з цёткай глядзім: А чаго іх [братоў] прыгнала Да нас? Проста так пасядзець дзе-нідзе б? Прыходзька.

3. што. Прыладзіць адно да другога так, каб супала па форме, памерах, каб было якраз; падагнаць. Што ні замысліць [Антось], то ўсё зробіць, І так прыгоніць, так аздобіць, Што і для вока нават міла. Колас. Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прыгнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч.

•••

Чорт прыгнаў каго гл. чорт.

прыгне́сці, ‑гняту, ‑гняцеш, ‑гняце; ‑гняцём, ‑гнецяце, ‑гнятуць; пр. прыгнёў, ‑гняла, ‑гняло.

Зак. да прыгнятаць.

прыгне́чанасць, ‑і, ж.

Стан прыгнечанага.

прыгне́чанне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыгнесці — прыгнятаць (у 2 знач.).

2. Прыгнечаны, змрочны стан. Бесперапынны стан псіхікі ў напружаным прыгнечанні можа знішчыць у чалавеку імкненне. Чорны.