Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

затанцава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑чуецца; зак.

Разм.

1. Захапіўшыся танцамі, забыць пра час. Затанцавацца да ранку.

2. Стаміцца, доўга танцуючы. Затанцавацца да ўпаду.

затанцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.

Пачаць танцаваць.

затапі́цца, ‑таплюся, ‑топішся, ‑топіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апынуцца пад вадой, пакрыцца вадой. Я адна па вадзе ішла. Лугавіна ўся затапілася. Бічэль-Загнетава.

2. Разм. Утапіцца, заліцца (пра чалавека).

затапі́ць, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., каго-што.

1. Пакрыць сабой паверхню чаго‑н., заліць (пра ваду). І рэчка выйдзе з цесных берагоў, Лугі затопіць возерам шырокім. Свірка. [Мядзведзіца] выкапала сабе бярлогу.. на ўзвышаным месцы, каб не затапіла яе вясной паводка. В. Вольскі. // Запоўніць сабой якую‑н. прастору (пра ваду). На ферме звіняць рыдлёўкі — даглядчыкі скопваюць снег, ачышчаюць дарогу вадзе: затапіла скляпы-сховішчы. Пташнікаў. // перан. Поўнасцю запоўніць, пакрыць сабою. Святло затапіла пакой. □ Тарас да берага спускаецца каскад, Іх зеляніна густа затапіла. Лойка. // перан. Завалодаць, захапіць, прыглушыўшы ўсё іншае (пра пачуцці). Шчасце .. [Аляксея] было такое вялікае, што затапіла ўсе іншыя пачуцці і заглушыла нават трывогу за Ніну. Мележ.

2. Пакрыць, заліць вадой, падняўшы яе ўзровень, скіраваўшы яе куды‑н. — Калі мы пакінем млын і пабудуем станцыю вышэй, дык затопім сорак гектараў калгаснай сенажаці. Броўка.

3. Апусціць на дно; утапіць. — Я вам наплаваю! Разышліся! Людзей затапіць хочаце? Годзе дурэць! Шыловіч.

затапле́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. затапляць — затапіць.

затапля́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Падвергнутасць затапленню вадой у час паводкі. Затапляльнасць лугоў.

затапля́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да затапіцца (у 1 знач.).

2. Зал. да затапляць.

затапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да затапіць.

затапта́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад затаптаць.

2. у знач. прым. Брудны ад слядоў. На затаптанай падлозе гаспадар з госцем дайшлі да стала на покуце і селі. Пестрак.

3. у знач. прым. Пашкоджаны, знішчаны, памяты пры хадзьбе. Затаптаны след.

затапта́цца 1, ‑топчацца; зак.

Знішчыцца пры таптанні падэшвамі, капытамі і пад. След затаптаўся. // Уціснуцца, умяцца ў што‑н. ад язды, хады. Пакуль будавалі, усё вакол трэскамі засыпалі. А на вясну ўжо нічога каля хаты і не відаць — усё ў гразь затапталася. Штыхаў.

затапта́цца 2, ‑тапчуся, ‑топчашся, ‑топчацца; зак.

Разм. Пачаць таптацца.