прыко́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. прыкоўваць — прыкаваць (у 1 знач.).
прыко́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. прыкочваць 1 — прыкаціць 1 (у 1 знач.).
прыко́чвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыкаціцца.
2. Зал. да прыкочваць 1 (у 1 знач.).
прыко́чваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыкаціць 1.
прыко́чваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыкаціць 2.
пры́кра,
1. Прысл. да прыкры.
2. безас. у знач. вык. Непрыемна, крыўдна. Міцю было страшэнна прыкра, сорамна ад таго, што Сюзана бачыла яго соннага, босага, з парэпанымі чорнымі пятамі... Навуменка. Мне было прыкра, горка, ад крыўды я ледзь не плакаў. Сачанка.
прыкрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Злёгку дакрануцца да чаго‑н. — Раскажыце мне пра вашу сястру, — папрасіла .. [Харошка], прыкрануўшыся асцярожна пальцамі да рукава яго гімнасцёркі. Мурашка.
прыкра́са, ‑ы, ж.
1. часцей мн. (прыкра́сы, ‑рас). Аздоба, упрыгожанне. У архітэктуры будынкаў, што ўзведзены каля станцыі, нам падабаецца прастата, — ніякіх непатрэбных прыкрас. Мележ. Яны [старэйшыя] за працай грамадзянскай самі, Яны ўмеюць бачыць не прыкрасы, А прыгажосць сапраўднейшую часу. Лось. // перан. Перабольшанне, выдумка ў апавяданні, пераказванні. [Косцік] расказваў без лішняй прыкрасы, Як мост узрывалі яны, Як з копкаю разам прыпасы Стаўлялі на плыт патайны. Колас. — Пра бізун я так, для прыкрасы, — кінуў Збан. Шашкоў.
2. Тое, што дабаўляецца ў ежу для каларыйнасці або смаку (мяса, тлушч, пахучыя прыправы і пад.); закраса.
прыкра́сіць, ‑крашу, ‑красіш, ‑красіць; зак., што.
1. Аздобіць, упрыгожыць. // перан. Упрыгожыць выдумкай, перабольшаннем апавяданне, пераказ. Кастусю для паўнаты ўяўлення можна нават прыкрасіць. Шамякін.
2. Дадаць у ежу што‑н. для каларыйнасці або смаку; закрасіць. Прыкрасіць боршч.
пры́красць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць прыкрага. [Іван] таропка ўзбег на круцізну, быццам уцякаючы ад думак аб.. [Джуліі], пакінутай унізе, але ўсё ж не могучы адолець прыкрасці сваіх адчуванняў. Быкаў.
2. Непрыемнае пачуццё незадавальнення, крыўды, смутку. Нібы знарок, на прыкрасць дзеду, праплывае [рыба] каля самай галачкі і нават носа не заверне. Крапіва. [Лёдзя] тройчы разглядала сябе ў люстра і тройчы з прыкрасцю адварочвалася. Карпаў. Алесю падабалася гасціннасць гаспадыні і ўжо з прыкрасцю думалася, што стрэлкі гадзінніка бягуць занадта хутка. Шыцік.
3. Тое, што выклікае пачуццё незадавальнення, крыўды; непрыемнасць. — Даруйце мне. Васіль Міронавіч, што прычыніў вам прыкрасць. Колас. Дома ўсе ведаюць, што калі Арцём Іванавіч гаворыць такія рэчы, у яго на працы былі нейкія прыкрасці. Мележ.
прыкра́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыкрасіць.