Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

заста́віцца, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак., чым.

Заставіць, загарадзіць сябе чым‑н. Алег пачаў хінуць Людмілу да сябе, але яна заставілася рукамі. Ермаловіч.

заста́віць 1, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Ставячы што‑н. у вялікай колькасці, заняць усю плошчу, прастору. Заставіць пакой мэбляй. Заставіць паліцу кнігамі.

2. Закрыць, загарадзіць чым‑н. пастаўленым. Заставіць праход шафай. □ [Антось] убачыў на стале вялікую кнігу запісу хворых, узяў яе і заставіў шыбу. Мележ. // Перагарадзіць (раку). Злева было відаць шырокае возера — там нядаўна заставілі раку. Пташнікаў.

3. Паставіць што‑н. за што‑н. Заставіць ложак за шырму.

заста́віць 2, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго, з інф.

Прымусіць рабіць, зрабіць што‑н. Заставіць змоўкнуць. □ Пайшла Алена ў школу, прынесла сама некалькі газет, заставіла Насцю чытаць іх. Чорны.

застагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., што.

Скласці ў стагі. Застагаваць сена. Застагаваць салому.

застагна́ць, ‑стагну, ‑стогнеш, ‑стогне; зак.

Пачаць стагнаць. // Прастагнаць; абазвацца стогнам. Адам Лабека глуха застагнаў і паваліўся на бок. Паслядовіч.

застапо́рвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да застопарыцца.

2. Зал. да застапорваць.

застапо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да застопарыць.

застаро́нак, ‑нка, м.

Адгароджанае ад току месца ў гумне для складвання снапоў, саломы, мякіны. Першая капа нарэшце абмалочана. Мы ставіш цапы, вытрасаем акалот, скідваем яго ў застаронак. Асіпенка. Ганна адгрэбла к застаронку мякіну. Мележ.

застары́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Стараваты для каго‑, чаго‑н. — Кастусь Серада — застары для старшыні, — сказаў Піліпёнак са шкадаваннем. Шахавец.

застарэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Даўні па часу ўзнікнення; стары, састарэлы. Застарэлыя мазалі. □ [Дым] .. стаў марудна асядаць на зараснікі, на застарэлы бруснічнік. Кулакоўскі.

2. Які цягнецца з даўніх часоў; непапраўны, невылечны. Застарэлая хвароба.

3. Які не адпавядае сучасным патрабаванням, нормам; устарэлы. Застарэлае абсталяванне. Застарэлыя звесткі.

застарэ́ць, ‑эе; зак.

Разм.

1. Укараніцца, стаць непапраўным. Хвароба застарэла.

2. Стаць неадпаведным сучасным патрабаванням, нормам; устарэць. Трэба аджывіць школу, бо спосабы .. заняткаў [Лабановіча] так застарэлі, што напэўна перасталі быць цікавымі для дзяцей. Колас.