Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыдумля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прыдумаць.

прыду́мшчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто прыдумвае, выдумвае што‑н.; выдумшчык. Слова ўзяў тады Аўсей: — Ну й прыдумшчыкі вы ўсе! Прагну больш за ўсё ў жыцці Аднаго я — падрасці. Калачынскі.

прыду́мшчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да прыдумшчык.

прыду́рак, ‑рка, м.

Разм. Дурнаваты, бесталковы або з дзівацтвамі чалавек. Пад вонкавай наіўнасцю афіцэр так і не разгадаў хітрасці, палічыў мяне за прыдурка і не аддаў паліцыянту. Карпюк. Пакідалі п’янчугі ці прыдуркі Газет абрыўкі, шкло, шматкі праграм. Панчанка.

прыду́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Дурэць, весці сябе несур’ёзна.

2. Прыкідвацца дурнем, прыдуркам; прытварацца. [Хмара:] — Слухай, Крамнёў, ты гэта сур’ёзна ці прыдурваешся? Шашкоў.

прыдуркава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прыдуркаватага.

прыдуркава́ты, ‑ая, ‑ае.

Дурнаваты, бесталковы. Гэта быў бедны местачковы дзяцюк гадоў за дваццаць, бязвусы, безбароды, трохі заіка, трохі гультай і трохі прыдуркаваты. Колас. На тварах бандытаў з’явіліся ўхмылкі. Яны, відаць, паверылі, што перад імі сапраўды прыдуркаваты хлопец. Хомчанка. // Уласцівы прыдурку. Спакойны, ураўнаважаны, з застыглай прыдуркаватай усмешкай на няскладным твары, .. [Алёшка] ішоў да каменданта і думаў, па якой гэта патрэбе яго паклікалі да начальства. Лынькоў.

прыду́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыдушыць.

2. у знач. прым. Прыглушаны, здаўлены (пра голас, гукі і пад.). З захаду даносіўся прыдушаны грукат, мільгала бліскавіца. Маўр. Над Бугам мёртвая цішыня, толькі там, пад лазнякамі, чуюцца прыдушаныя ўсплёскі вады. Лынькоў.

прыду́швацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прыдушваць.

прыду́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыдушыць.