Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыга́снуць, ‑не; зак.

Разм. Паслабець, зменшыцца (пра полымя, святло і пад.).

прыгатава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыгатаваць.

прыгатава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыгатаваць.

прыгатава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

Разм. Стаць гатовым да чаго‑н. [Лявон:] Што я маруджу? Трэба ісці хутчэй.. прыгатавацца ў вялікую вандроўку! Купала.

прыгатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

1. Зрабіць, вырабіць што‑н. Прыгатаваць лякарства. Прыгатаваць цэментны раствор. // Зварыўшы або апрацаваўшы якім‑н. чынам, зрабіць годным для спажывання, яды; згатаваць. Прыгатаваць вячэру. □ — Пайшлі! Адпачнеш, паснедаеш, — вось радыскі са смятанай прыгатую. Кулакоўскі. Каву Алесь прыгатаваў духмяную, густую. Шыцік.

2. Прывесці ў стан годнасці для ўжытку; падрыхтаваць. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Колас. [Вэня:] — Прыгатуй мне ў дарогу сані, пакладзі пад салому ачышчаныя тушы. Чорны. // і чаго. Падрыхтаваць загадзя; нарыхтаваць. Трэба было прыгатаваць корму свінням нанач. Колас. [Іван:] — Табе маці мяшэчак прыгатавала — возьмеш з сабою. Лобан.

прыгато́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыгатавацца.

2. Зал. да прыгатоўваць.

прыгато́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыгатаваць.

прыгвазда́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыгваздаць.

прыгвазда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. што. Прымацаваць, прыбіць гваздамі. Прыгваздаць бэльку.

прыгіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыгнуцца.

2. Зал. да прыгінаць.