Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыграва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыгрэць.

прыгразі́цца, ‑гражуся, ‑грозішся, ‑грозіцца; зак.

Разм. Тое, што і прыгразіць. Пільнавацца трэба, калі Яўхім прыгразіўся!.. Мележ.

прыгразі́ць, ‑гражу, ‑грозіш, ‑грозіць; зак.

З пагрозай папярэдзіць аб чым‑н., паабяцаць зрабіць што‑н. непрыемнае. Прыгразіць судом. □ Косцік ніяк не хацеў абуваць важкіх чаравікаў — прывык бегаць босыя. Ды сястра прыгразіла, што не возьме яго, і хлопчык паслухмяна абуўся. Даніленка. Лявонка ад страху замірае, бо маці толькі што прыгразіла яму дзедам Запрудам, які можа яго забраць. Асіпенка. // Зрабіць пагражальны жэст, рух. — Падлогу запэцкаеш, хіба не бачыш, толькі што памылі, — Паліна Антонаўка прыгразіла яму пальцам і зачыніла дзверы на зашчапку. Нядзведскі.

прыграні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, размяшчаецца пры граніцы. Прыгранічная зона. Прыгранічны гарадок.

прыграні́чча, ‑а, н.

Прыгранічная тэрыторыя, зона. Тут было прыгранічча, мяжа з Польшчай, і дзесятку вясковых сем’яў было загадана выселіцца. Навуменка.

прыгруката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.

Разм. Прыбыць куды‑н. з грукатам, шумам. Прыгрукатала і стала, як укапаная, чырвоная пажарная машына, запрэжаная парай коней. Навуменка.

прыгрэ́бены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыгрэбці.

прыгрэ́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Абл. Тое, што і прыгрэбнік. Тамаш пайшоў у прыгрэбку і да цямна ўспеў яшчэ павысыпаць з мяшкоў у пограб бульбу. Чорны. Цярэшка паволі паплёўся к двару, дзе была прыгрэбка. Лобан.

прыгрэ́бнік, ‑а, м.

Прыбудоўка перад уваходам у пограб, склеп. Тут былі такія будынкі: хаты з чырвонымі комінамі, клуні, хлевушкі, свіронкі і прыгрэбнікі з нізенькімі, да самае зямлі, стрэхамі. Колас. Чарнушка ўнёс з прыгрэбніка мех бульбы, уладаваў у задку. Мележ. А калі нарэшце [Валодзя] расплюшчыў вочы, дык убачыў над сабой трухлявую страху прыгрэбніка. Хомчанка.

прыгрэ́бці, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; пр. прыгроб, ‑грэбла; заг. прыграбі; зак., што.

1. Зграбаючы, прысунуць да чаго‑н., сабраць каля чаго‑н. Прыгрэбці сена да стога. // Грабучы, прыкрыць што‑н.

2. Разм. Прыгладзіць, прычасаць збольшага (валасы). [Макарчык] кінуў шапку на крэсла і пяцярнёй прыгроб кудлатыя валасы. Адамчык.