прыго́начны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыгонкі, служыць для прыгонкі. Прыгоначныя работы. Прыгоначны станок.
прыго́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. прыганяць — прыгнаць (у 3 знач.).
прыго́ннік, ‑а, м.
Памешчык, які карыстаўся прыгонным правам, меў прыгонных сялян. // Рэакцыянер, прыхільнік прыгону.
прыго́нніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыгонніка, да прыгонніцтва. Прыгонніцкі лад. □ Расія прыгонніцкая няўхільна саступалі месца Расіі буржуазнай. «ЛіМ».
прыго́нніцтва, ‑а, н.
Грамадскі лад, заснаваны на прыгонным праве. Дзеянні рэвалюцыйных мас абумовілі падзенне прыгонніцтва ў Расіі. «Полымя».
прыго́нны 1, ‑ая, ‑ае.
Прыгнаны, дастаўлены (сухім або водным шляхам) з другога месца. Прыгонны лес. Прыгонная жывёла.
прыго́нны 2, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да прыгону (у 2, 3 знач.). Прыгонная гаспадарка.
2. Які з’яўляецца ўласнасцю памешчыкапрыгонніка, належыць яму. Прыгонныя сяляне. Прыгонны майстар. Прыгонны тэатр. Прыгонны акцёр. / у знач. наз. прыго́нны, ‑ага, м.; прыго́нная, ‑ай, ж. З суседняга маёнтка пана Чапкоўскага ўцёк прыгонны. Бядуля.
•••
Прыгоннае права гл. права.
прыго́рак, ‑рка, м.
Невялікая горка, узвышша; пагорак, узгорак. Трохі воддаль на прыгорку Вёска іх чарнее. Колас. Мы спусціліся з прыгорка ў густы туман. Ляўданскі.
прыго́рбіцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
Згорбіцца, ссутуліцца (ад старасці, немачы). Бацька вельмі схуднеў, неяк змізарнеў і з твару і з постаці, прыгорбіўся, як бы ім завалодала старасць. Сабаленка. Васіль таксама крыху прыгорбіўся — так ходзяць усе сталыя людзі. Мележ. // Трохі прыгнуцца. І чаго ён смяецца, гэты Косцік?.. А-а, нягоднік, таўхануў рукой бярозку, а сам хуценька нізка прыгорбіўся. Брыль.
прыго́рбіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго.
Зрабіць згорбленым, ссутуленым. Пастарэў, прыгорбілі гады Нупрэя. Гроднеў.
прыго́рблены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыгорбіць.
2. у знач. прым. Згорблены, ссутулены (ад старасці, немачы); крыху сагнуты. Па высокай прыгорбленай постаці прафесар Галынскі адразу пазнаў Ягуплу. Галавач. Жылісты, прыгорблены, .. [сын], як заведзены, кружыўся на падворку, мільгаў палатнянымі штанамі. Ракітны. На [біле] свайго воза сядзеў мужчына з тоўстым, трохі прыгорбленым носам. Арочка.