Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

засіне́ць, ‑ее; зак.

1. Пачаць сінець, зрабіцца сінім. Летам, калі толькі пачало красаваць жыта.., засінелі першыя валошкі. Ракітны.

2. Вылучыцца сваім сінім колерам, паказацца (пра што‑н. сіняе). Збоку, за гарой, засінелі разлогі бяскрайняга лесу. Ракітны.

засіні́цца, ‑сініцца; зак.

Афарбавацца ў сіні колер, стаць сінім. // Залішне падсініцца. Бялізна засінілася.

засіні́ць, ‑сіню, ‑сініш, ‑сініць; зак., што.

Пафарбаваць у сіні колер, зрабіць сінім. Засініць азёры на контурнай карце. // Залішне падсініць. Засініць бялізну. // Разм. Запэцкаць чым‑н. сінім. Засініць пальцы чарнілам.

засі́ньвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да засініцца.

2. Зал. да засіньваць.

засі́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да засініць.

засіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

Пачаць сіпець. // Утварыць сіплы гук; прасіпець. Засіпеў на сцяне і празваніў.. гадзіннік. Галавач.

засі́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад засівіць.

заскавыта́ць, ‑вычу, ‑вычаш, ‑выча; зак.

Разм. Пачаць скавытаць. // Азвацца скавытаннем; праскавытаць. Сабака заскавытаў і, увагнуўшы галаву і апусціўшы хвост, падаўся ўбок. Гурскі.

заскака́цца, ‑скачуся, ‑скачашся, ‑скачацца; зак.

Разм.

1. Доўга скачучы, забыць пра час.

2. Стаміцца, доўга скачучы.

заскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак.

Пачаць скакаць.