прывя́лы, ‑ая, ‑ае.
Які трохі звяў, прывяў. Паветра стаяла рэдкае, мяккае і здаровае, пахла яно прывялым лісцем, перапрэлаю травою. Адамчык. [Стары] чэша, з трэскам адломвае буйныя кавалкі прывялай драўніны. Ракітны. У гладышы з адбітым горлам пагнулі галовы прывялыя чырвоныя вяргіні. Пташнікаў.
прывя́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прывяліць.
прывя́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Тое, што і прывяць.
прывярзці́ся, ‑зецца; зак.
Паказацца, здацца ва ўяўленні, у сне.
прывярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., каго-што.
1. Павярнуўшы, прыперці, прыхіліць да чаго‑н.; прываліць. Прывярнуць камень да плота. □ Бацька прывярнуў к сцяне падважнік. Чорны.
2. Разм. Тое, што і прываражыць. Дамянік просіць варажбітку, якая з’яўляецца ўвасабленнем лёсу, прывярнуць да яго Ганну. Гіст. бел. сав. літ.
прывярста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Дадаткова звярстаць. Прывярстаць паласу.
прывяршы́ць, ‑вяршу, ‑вершыш, ‑вершыць; зак., што.
Зрабіць верх (стога), завяршыць.
прывясло́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прывеславаць.
прывясны́, ‑ая, ‑ое.
Прызначаны, прыстасаваны для прывешвання. Прывясны замок. Прывясная лямпа. □ Грамата напісана уставам на невялікім кавалку пергаменту з абрыўкам шнура ад згубленай прывясной пячаткі. «Помнікі».
прывя́ць, ‑вяну, ‑вянеш, ‑вяне; зак.
1. Трохі, не поўнасцю завяць, звяць. Сонца пякло, трава прывяла, хто-ніхто кінуў ужо касіць. Мележ.
2. перан. Разм. Страціць бадзёрасць; зменшыць запал, заўзятасць. Аж тут Мальвіна тыц сюды! Прывяў пан Богут — будзе буча. Колас.