Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыво́дзіцца, ‑дзіцца; незак.

Зал. да прыводзіць.

прыво́дзіць, ‑воджу, ‑водзіш, ‑водзіць.

Незак. да прывесці.

прыво́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

Спец. Падрыхтоўка друкарскай машыны для друкавання тыражу, якая заключаецца ў забеспячэнні правільнага размяшчэння адбітка на паперы (супадзенне палёў, радкоў на абедзвюх старонках ліста і пад.).

прыво́з, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывозіць — прывезці.

2. Тое, што прывезена. Вялікі прывоз. □ Калісьці па гэтых блоках падымалі купцы прывоз з барж, цяпер практычныя амстэрдамцы карыстаюцца імі, каб падняць на трэці-чацвёрты паверх купленую шафу альбо ложак. Мележ.

прыво́зіцца, ‑возіцца; незак.

Зал. да прывозіць.

прыво́зіць, ‑вожу, ‑возіш, ‑возіць.

Незак. да прывезці.

прыво́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывозіць — прывезці.

прыво́лле, ‑я, н.

1. Шырокае адкрытае месца; прастора. [Іван] чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Быкаў. Пасля палявога прыволля кожная рэч ціснула на .. [Льва Раманавіча], ад дарагіх дываноў пахла пылам. Асіпенка. Сядзяць яны [Васіль і Алеся] побач на возе, Размову таемна вядуць, А коні з сяла па дарозе Прыволлем палеткаў брыдуць. Калачынскі. Гарачае сэрца На родным прыволлі, Радзіма, заўсёды Напоўню табой. Іверс.

2. перан. Адсутнасць якіх‑н. абмежаванняў; свабода, воля. [Лабановіч:] — А што? Вось бачыце. Ніякая іншая служба не дае такога прыволля. Колас.

прыво́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які шырока, вольна раскінуўся (пра мясцовасць, прастору і пад.). Ёсць штось незвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасвецкіх шляхах Беларусі. Колас. Прывольная, цёмная пушча: Вялізныя ліпы, дубы, Асінніка, ельніка гушча, Між хвоі апаўшай грыбы. Багдановіч.

2. перан. Вольны, нічым не абмежаваны (пра ўмовы жыцця). Раслінны свет быў багаты, корму для .. [зуброў] хапала, жыццё было прывольнае. В. Вольскі.

прыво́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыворваць — прыараць.