Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цёрла, ‑а, н.

Гліняная пасудзіна, у якой труць мак, таўкуць бульбу і пад. Пэўна! — гары сабе на скаварадзе, цыбуля, астывай у цёрле, недатоўчаная бульба, бо нам цяпер не да гэтага! Брыль.

цёрн, ‑у, м.

1. Калючы куст або дрэва сямейства ружакветных, якое дае дробныя чорна-сінія, з шызым налётам, плады даўкага смаку.

2. зб. Плады гэтай расліны.

цёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад церці.

2. у знач. прым. Размяты, растоўчаны на парашок, у дробную аднародную масу. Цёртыя фарбы. Цёртая салома. □ А маці ўсё чакала, перасыпала цёртым самасадам сынавы кашулі і цёмна-сіні касцюм. Б. Стральцоў.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Які многа бачыў у жыцці; бывалы, вопытны. Многія з выхаванцаў, што паступілі ў дзетдом у апошні час, былі хлопцы цёртыя. Нядзведскі. Як чалавек цёрты, развіты, садоўнік разбіраўся ў людзях, меў падыход да іх. Лось.

цёска, ‑і, ДМ цёсцы; Р мн. ‑сак; ж.

Абл. Трэска, шчэпка. На дварэ — паленне, цёскі, Куча сметніку ляжыць. Колас.

цётачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Ласк. да цётка. Сціснуў губы доктар, пастаяў трошкі, падумаў: — Не можам, цётачка, нічым памагчы твайму сыну. Крапіва. [Камбрыг:] — Трэба туды [у Праглую] завесці вось гэтую цётачку з дзяўчынкай. Брыль.

цётка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Бацькава або матчына сястра; жонка дзядзькі. Вярнуўшыся ў прыцемках з поля, .. [Аня] зайшла да Андрэевай цёткі. Мележ.

2. Разм. Дарослая жанчына наогул; зварот да старэйшай па ўзросту жанчыны. У калідоры стаялі Міколавы аднавяскоўцы — дзядзька Лявон і цётка Тэкля. Корбан. — Ты думаеш, цётка, я не ведаю? Усе ведаюць! А я не вмоўчу. Чорны.

•••

Голад не цётка — пра стан галоднага і таму непераборлівага ў ядзе чалавека (жывёлы).

цётухна, ‑ы, ж.

1. Ветлівы зварот да цёткі, дарослай жанчыны наогул. [Слімак:] — Можа б вы, цётухна, чаго гарачага мне далі? Лынькоў.

2. У даўніх павер’ях усходніх і заходніх славян — надпрыродная істота, якая ўвасабляла трасцу або ліхаманку.

цётчын, ‑а.

Які належыць цётцы. Цётчын дом. Цётчын сын. □ Зоя спускалася па лесвіцы, і ў вушах у яе ўсё яшчэ звінелі цётчыны словы. Арабей.

цёх, выкл.

Разм. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння адрывістых гукаў пры спеве некаторых птушак (салаўя і пад.). — Фіюць, цёх! Даніла спыніўся, прыслухаўся.. — Цёх, цёх, цёх! Чуллівасць [казытала] душу, хацелася сказаць і пра салаўя, і пра яго песню нешта добрае і шчырае, але харошых слоў не прыдумалася, не знайшлося. Капыловіч.

цёхканне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цёхкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Далятаў спеў салаўя: цоканне, перабор, пошчак, цёхканне і свіст. Гурскі.